Іван МУРАВЕЙКА. Вершы
Алесь і мяч
Алесь сам сябе забаўляе:
На воблака мяч закідае.
Ды мяч там чамусьці не бавіцца –
Назад да Алеся вяртаецца.
Мала еў кашы
У перагонкі мы гулялі:
Хто ўсіх абгоніць – чэмпіён.
Прыбег на фініш першым Валік,
Другім – Антон. Адстаў Сымон.
Антон штурхнуў яго і кажа:
– Ты раніцай еў мала кашы…
Сымон падумаў: “Сапраўды –
У мяне з кашай нелады.
Падвою я ў абед меню
І вас усіх пераганю!”
На жаль, не перагнаў нікога.
“Відаць, я з’еў занадта многа
І цяжка беглі мае ногі”.
І вырашыў Сымонка так:
Не есці кашы больш ніяк.
Кошкі-мышкі
Пасябравала кошка з мышкай –
Так, што вадою не разліць.
Дзівіцеся: на ложку нішкам
І кошка спіць, і мышка спіць.
Прачнулася спачатку кошка:
– Няхай малеча адпачне.
Я ж пакухарнічаю трошкі –
Абед не зварыцца ж у сне.
Запахла ў хаце кашай смачнай.
Смятана ў сподках ля бліноў.
– Хутчэй, лайдачка, прачынайся:
Падсілкавацца час прыйшоў.
Пад’елі ды паваркаталі,
У кошкі-мышкі пагулялі
І не заўважылі, як зноў
Ахутаў іх прыемны сон.
Лятучы вуж
Цікаўны вуж поўз на яліну,
Каб лес убачыць з верхавіны,
Ды не ўтрымаўся за галіну.
– Глядзіце ўсе, як я лячу –
Аж рабацініцца ўваччу!
А каб яшчэ я крылы меў,
Вышэй за лес бы я ўзляцеў…
Але ўзляцеў бы. Хопіць сілы.
Вось толькі хто прыладзіць крылы?
Кітоны
Усхадзіліся трытоны –
Скаламуцілі затон.
– Называюць нас трытоны,
А мы колькі важым тон?
Хоць узваж усіх з затону,
Не заважым мы тры тоны.
Гэй! У мора ўсе гайда!
Паплывем у свет бяздонны!
Там мы вырасцем з кіта.
Будуць зваць нас як?
– Кітоны!
Ці патрэбна было марыць, –
Нібы ў казцы, падрасці?
Не хапіла сілы, мабыць,
Каб да мора даплысці.
Зноўку бавяцца трытоны
У затоне дацямна:
– Хоць не важым мы тры тоны,
Ды якое ў нас імя!
Здарэнне
Нядаўна страшная бяды
Андрэйку напаткала:
Курэй нахабных чарада
Бязлітасна напала.
Стаяў ён пасярод двара
З акрайцам хлеба смачным,
А куры збегліся: давай –
Дзяўбці, дзяўбці і вырываць
Акраец з рук дзіцячых.
Увесь да крошачкі забралі
І голасна засакаталі:
Ці “дзякуй” ветліва казалі,
Ці кпілі так і рагаталі?
Андрэй не знаў птушынай мовы,
Таму не зразумеў ні слова.
Але чамусьці заўсміхаўся
І да матулі ён памчаўся:
– Дай мне
Тры лусты хлеба.
– Навошта столькі?
– Трэба.