Карлсан
Казачны год разам з “Вясёлкай”
“Самы лепшы ў свеце гарэза – адгадай, хто гэта?” Такое пытанне любіў задаваць Карлсан свайму сябру Свантэ Свантсану, больш вядомаму пад імем Малы. Адказ відавочны: самы лепшы ў свеце гарэза – гэта Карлсан, які жыве на даху, мужчына ў самых лепшых гадах. Зрэшты, Карлсан яшчэ і самы лепшы ў свеце лятун, найлепшы ў свеце знаўца паравых машын і рухавікоў, самы лепшы ў свеце мастак, самы лепшы будаўнік вежаў з катлетак, самы лепшы выдумшчык, найлепшая ў свеце здань… Хто з вас не ведае і не любіць гэтага казачнага свавольніка?
Аповесці пра Малога і Карлсана напісала знакамітая шведская пісьменніца Астрыд Ліндгрэн. Яе кнігі палюбіліся не толькі ў Швецыі, а і ў многіх іншых краінах, і Карлсан набыў сусветную вядомасць. Некалькі гадоў назад Карлсан загаварыў і па-беларуску: першую аповесць пра самага лепшага ў свеце гарэзу на беларускую мову пераклаў Юрась Жалезка.
Які эпізод з аповесці пра Малога і Карлсана, на ваш погляд, самы вясёлы? А якія яшчэ творы Астрыд Ліндгрэн вы ведаеце? Якія героі яе казачных аповесцей вашы любімыя? Дасылайце свае адказы на адрас рэдакцыі або на электронную пошту vyaselka2011@yandex.ru. Аўтары самых цікавых лістоў атрымаюць падарункі.
Вася ВЯСЁЛКІН