Як вада ператвараецца ў лёд?
Калі ўважліва назіраць, як замярзае сажалка ці рака, то можна заўважыць, што спачатку ледзяняе паверхня, вада становіцца цяжэйшай і апускаецца ўніз. Далей, калі тэмпература падае да нуля і ніжэй, пачынаюць утварацца маленькія крышталікі. Кожны з іх мае шэсць промняў. Калі яны злучаюцца, то ўтвараецца лёд.
А ці задумваліся вы, чаму лёд недзе празрысты, а недзе – не? Рэч у тым, што пры замярзанні кропелек вады выходзяць паветраныя бурбалкі. Яны і прылепліваюцца да крышталікаў лёду. Чым больш утвараецца крышталікаў лёду, тым больш, адпаведна, і паветраных бурбалак – вось вам і непразрысты лёд. Калі ж вада пад ледзяной паверхняй рухаецца, яна адганяе паветраныя бурбалкі, якія збіраюцца разам, і лёд цешыць вока чысцінёй і празрыстасцю.
Памятайце, што лёд небяспечны, трэба хадзіць асцярожна. І ні ў якім разе нельга ісці па заледзянелым вадаёме, бо не ва ўсіх месцах лёд надзейны і цвёрды, можна праваліцца.
Уважліва глядзіце навокал. Узімку прырода стварае сапраўдныя шэдэўры. Гэта і карункі шэрані на дрэвах, і марозныя ўзоры на шыбах, і незвычайныя фігуры на снежнай роўнядзі, узнятыя замеццю.