Змяюка пад камянюкай
Маёй сяброўцы Волі бацькі купілі чарапаху. Надта пацешную: яна катала на сабе Вольчыных лялек, кубікі, кніжкі, запаўзала пад ложак і пад шафу, і мы з Воляй выцягвалі яе адтуль. Чарапаху назвалі Марусяй.
Улетку Воля выносіла чарапаху з хаты і пускала яе пагуляць на свежым паветры. I вось аднойчы чарапаха прапала. Мы яе шукалі-шукалі ў высокай траве, але так і не знайшлі.
Каб Воля не плакала, бацькі падаравалі ёй кацяня. Таксама пацешнае: яно гуляла з паперкай, падвешанай на нітцы, качала па падлозе маленькі мячык, забіралася да нас на калені і пачынала вуркатаць.
Неяк мая мама праполвала ў агародзе градкі і раптам закрычала:
– Вой, змяя!
Я падскочыла да мамы. Сапраўды, сярод агуркоў з-пад каменя высоўвалася змяіная галава.
– Назад! – крыкнула мама. – Укусіць!
Я стрымгалоў кінулася ў хату.
– Сашка! – закрычала брату. – Змяюка пад камянюкай!..
Брат, а за ім бацька, ужо беглі ў агарод. Сашка падхапіў з зямлі палку. Маці, раскінуўшы рукі, не пускала яго на градкі.
– Укусіць! – крычала яна немым голасам.
Але брат нырнуў ёй пад руку, палкай падхапіў камень і перавярнуў яго. Камень перакуліўся і… Мы збянтэжыліся, а брат двума пальцамі схапіў “камень” і патрос яго перад маім носам:
– Дык гэта ж наша Маруська!
Усе пачалі смяяцца, а мама, бадай, гучней за ўсіх. Ад страху.
Я ўзяла чарапаху, прыціснула да сябе і з усіх ног пабегла да Волі.
– Маруся знайшлася!
А брат потым яшчэ доўга дражніўся:
– Змяюка пад камянюкай! Змяюка пад камянюкай! Ратуйся, хто можа!..
Тамара БУНТА