Міхась Пазнякоў. Вершы
Залатая рыбка
Нібы велічным мастацтвам,
Казкаю жывою,
Можна доўга любавацца
Рыбкай залатою.
Падплыве да шкла, малеча,
Бурбалкі давай пускаць,
Быццам хоча мне аб нечым
Таямнічым расказаць.
Хроміс-прыгажун
Ай, які ён весялун,
Дзіўны хроміс-прыгажун!
Заварожыць афарбоўкай,
То нырне, то скокне лоўка.
То спакойна паплыве,
То схаваецца ў траве,
Рот адкрые на хвілінку:
– Пакармі мяне, Дарынка.
Скалярыя
Шырокая, крылатая
І шэра-канапатая,
Як верабей, скалярыя
Аблётвае акварыум.
Узброеная шпагаю,
Глядзіць яна з адвагаю,
Як быццам мір ахоўвае
На варце ганаровае.
Гамбузіі
Тры гамбузіі для Машы
Мне пашчасціла купіць,
У акварыуме нашым
Спадабалася ім жыць.
Кожны раз яны ныраюць
У цяністыя куты,
Толькі ж рыбак выкрываюць
Прамяністыя хвасты.
Загадкі
Далёка ў акіяне,
Зубастая, жыве
І кожны яе самай
Драпежнаю заве.
(Акула)
Адкажы, у рыб якіх
Шмат манетак залатых?
(Карп)
Хто вусаты і вялікі
Спіць у рэчцы пад кустом?
Трошкі страшны, трошкі дзікі,
Ну вядома, гэта – …
(Сом)