Бабры
Бабры
Там, на рэчцы, у бары
Пасяліліся бабры –
Нашы добрыя сябры.
Матуля-бабрыха
Жыве сабе ціха,
Не ведае ліха.
А бабёр-дрывасек
За кароткі свой век
Шмат алешын пасек.
На зіму ён накалоў
Дзвесце абярэмкаў дроў –
Будзе цёпла ў сцюжы зноў.
Рады бабраняткі:
– Працавіты татка,
Новая ў нас хатка!
Я агучыць вам гатоў
Пажаданне ад баброў:
– Жыві, працуй і будзь здароў!
Тата болей не злуе
Калі бывалі ў нашым доме,
Дамавічок шумеў кругом.
А нам усім і дня, вядома,
Пражыць нялёгка без яго.
Мы з ім гулялі пазаўчора.
Як толькі тата за парог,
Прыбег мой лепшы сябар Бора,
І Дамавік нам дапамог
Раскідваць па кватэры рэчы…
Ён знік, як тата зноў зайшоў.
Шукаў гарэзу бацька вечар,
Але, паверце, не знайшоў.
Паклаў я рэчы на паліцу,
Сабраў падручнікі свае…
Дамавічок зайсці баіцца,
Хоць тата болей не злуе.
Расціслаў Бензярук