Вершы для дзяцей
Конкурс “Чароўны куфэрак”
Госці “Вясёлкі” – юныя паэты ўзорнага літаратурнага аб’яднання “Верасок” з Ганцавічаў, якое сёлета адзначае сваё 35-годдзе.
Ночка
Зямлю ночка абдымае,
Недзе салавей спявае.
Зоркі ў небе зіхацяць.
Дубы-волаты маўчаць.
Ночкай цёмнай мне не спіцца.
Мне б да мамы прытуліцца.
Моцна мамачку абняць,
У шчаку пацалаваць.
– Як цябе люблю я, мама.
– Засынай. Люблю таксама…
Алена ГАРАГУН,
г. Ганцавічы, гімназія.
Мастак
Перад сабой кладу лісток
І буду маляваць
Бабулін дом, стары дубок,
Салоўку, што пачаў спяваць.
Я намалюю, як мой дзед
Арэлі нам будуе.
Як ззяе радасцю ўвесь свет,
Як дождж з зямлёй сябруе.
Я намалюю родны дом,
Матулю разам з татам.
Мяне ўсе клічуць мастаком,
На выдумкі багатым.
Я намалюю горад мой,
Фантан і парк зімою,
Буслоў з сямейкаю сваёй,
Крынічку пад вярбою.
Я намалюю Беларусь…
Мне фарбы многа трэба!
Каб перадаць усю красу
Палёў, лясоў і неба.
Настасся Лісунова,
г. Ганцавічы, гімназія.
Родны край
Сябра мой, любі свой край!
Бераг, рэчку, поле, гай.
Любі лес, любі рамонкі,
Птушак звонкія гамонкі.
Мовай роднай ганарыся,
Будзь руплівым і вучыся.
З хлебам будзе хай абрус,
Помні, што ты – беларус!
Таццяна ШАМРЫЛА,
Ганцавіцкі раён, Хатыніцкая СШ.
Прызнанне
Сонца пасміхаецца
Вёсачцы маёй.
Соннае ўглядаецца,
Як жывецца ёй.
Песеньку чароўную
Вецер ёй пяе.
Раніцаю светлаю
Золак саграе.
Цёплымі слязінкамі
Дожджык упадзе.
Вёсачка Хатынічы,
Я люблю цябе.
Ганна КАЛЮЖНАЯ,
Ганцавіцкі раён,
Хатынікая СШ.