Хто стваральнік радыё?
Адкрыцці стагоддзяў
Штодзень мільёны людзей на зямлі слухаюць радыё. Больш за стагоддзе людзі карыстаюцца гэтым цудоўным вынаходніцтвам. Роўна столькі ж вядуцца спрэчкі пра тое, хто першы вынайшаў радыё.
Называецца імя расійскага навукоўца Аляксандра Папова. 7 мая 1895 года на паседжанні Рускага фізіка-хімічнага таварыства ён прадэманстраваў першы сеанс сувязі. З 1925 года гэты дзень у Расіі адзначаецца як Дзень радыё.
У Заходняй Еўропе перавагу аддаюць італьянцу Гульельма Марконі. У 1895 годзе ён паслаў бесправадны сігнал са свайго саду ў поле на адлегласць тры кіламетры. Тады ж прапанаваў выкарыстанне бесправадной сувязі міністру пошты і тэлеграфа, але атрымаў адмову. У пачатку 1896 года італьянскі навуковец прыехаў у Велікабрытанію, дзе прадэманстраваў свой апарат: з дапамогай азбукі Морзэ перадаў сігнал з даху лонданскага паштамта на другі будынак на адлегласць 1,5 кіламетры. А 2 ліпеня 1897 года Марконі атрымаў патэнт – гэта значыць, пасведчанне на сваё адкрыццё.
Амерыканцы ж лічаць, што першынства належыць Нікала Тэсла – сербу, які жыў і працаваў у Амерыцы. У 1893 годзе Тэсла сабраў першы хвалевы радыёперадатчык, апярэдзіўшы Папова і Марконі на некалькі гадоў.
Насамрэч не дзіўна, што існуюць спрэчкі наконт першынства ў вынаходніцтве – прыблізна ў адзін і той жа перыяд навукоўцы здзейснілі свае адкрыцці.
Аднак, на вялікі жаль, сярод гэтых вынаходнікаў часта забываюць яшчэ аднаго, вельмі важнага і для гісторыі радыё, і для Беларусі – Якуба Наркевіча-Ёдку. Ён вынайшаў яшчэ ў 1891 годзе спосаб бесправадной перадачы і прыёму электрамагнітных хваляў на адлегласці – першы ў свеце правобраз радыёпрыёмніка, але афіцыйна не зарэгістраваў сваё вынаходніцтва. Нават у пратаколе паседжання Французскага фізічнага таварыства за 1898 г., прысвечанага працам Аляксандра Папова па перадачы радыёсігналаў, адзначалася, што на два-тры гады раней падобныя эксперыменты паспяхова правёў у Вене беларус Наркевіч-Ёдка! Атрымліваецца, наш навуковец апярэдзіў не толькі Папова і Марконі, але і Тэслу! Сваё першынства ён не адстойваў таму, што больш быў захоплены вывучэннем уласцівасцей электрычнасці і яе ўздзеяння на жывую прыроду, а таксама прымяненнем гэтай распрацоўкі ў медыцынскіх мэтах.
Зразумець, як працуе радыё, як перадаюцца на адлегласць сігналы з дапамогай электрахваляў, табе, дружа, некалі дапамогуць урокі фізікі. А сёння хочацца, каб ты запомніў імя і нашага навукоўца-земляка, які шмат зрабіў для навукі і людзей.
Якуб Наркевіч-Ёдка нарадзіўся 8 студзеня 1848 года ў мястэчку Турын, цяпер гэта вёска Пухавіцкага раёна. Доктар медыцыны, прафесар, член-карэспадэнт Расійскага геаграфічнага таварыства.
У 1872 годзе ў маёнтку Наднёман (цяпер вёска Уздзенскага раёна) навуковец стварыў санаторый, у якім паспяхова лячыў людзей пры дапамозе «сістэмы Ёдкі» – электрычнасцю. А самога Якуба Наркевіча-Ёдку, які “прыручыў” электрычнасць, называлі “гаспадаром маланак”.
Метады лячэння Ёдкі карысталіся надзвычайнай папулярнасцю ў сучаснікаў. Ахвотных патрапіць у санаторый было вельмі шмат. Лячэнне ў санаторыі Ёдкі было платным. Але пяцьдзясят пацыентаў штогод мелі магчымасць прайсці лячэнне ў санаторыі задарма.
На вялікі жаль, ад маёнтка Наркевіча-Ёдкі і санаторыя цяпер засталіся толькі муры – будынкі былі разбураны нашчадкамі тых людзей, каго, магчыма, некалі ратаваў ад хваробаў выдатны доктар-навуковец.
Але радуе, што ў апошнія гады ў Беларусі створаны Фонд Наркевіча-Ёдкі, які ставіць сабе задачу аднавіць і маёнтак, і будынкі санаторыя, адкрыць музей навукоўца, імя якога забыта на радзіме, але добра вядомае ў замежжы.
Цяпер, дарагі сябра, і ты зможаш зрабіць свой унёсак у аднаўленне будынка нашай памяці. У чарговы раз уключаючы радыёпрыёмнік, згадай, што беларускі навуковец Якуб Наркевіч-Ёдка, наш зямляк, стаяў ля вытокаў стварэння гэтага апарата.
Алена Масла