17. Дабрадзей для ўсіх дзяцей
Аповесць-казка
17. Юні-Юні апавядае пра белую варону
Для поўнага шчасця Дзяніска меў усё.
У яго сабраўся парк калекцыйных машынак. Ды такіх модных, якіх не было нават на вялікай гарадской стаянцы, куды мама заганяла сваю шакаладную “Ладу”.
Дзяніска займеў поўны набор гоначных манананаў. Так ён называў, калі быў “малекулай”, матацыклы. Але нават асіліўшы ў вымаўленні гэта няпростае слова, працягваў, цяпер ужо дзеля жарту, абзываць двухколую тэхніку манананамі.
Дзядзька Пятро кожным разам прыносіў Дзяніску аўтобусы, тралейбусы, краны, трактары. Аднойчы падарыў чыгуначную станцыю з рэйкамі, цягніком, вагонамі.
Можаце не паверыць, але ў Дзяніскі былі свае тэлефон, камп’ютар, фотаапарат, компас, гадзіннік і глобус. Не вам жа расказваць, што з гэтымі рэчамі можна рабіць.
А кніжак назбіралася поўная паліца. Чытанкі і размалёўкі, выразанкі і складанкі. На адной кнізе тырчэў сіні гузік. Калі Дзяніска націскаў на яго, то нехта голасам любімага мульцікавага Сам-Сама пералічваў літары алфавіта і прасіў за ім паўтараць.
Усё меў Дзяніска, але радасць рэдка наведвала яго. Твар заўсёды бледны. Вочы насцярожаныя, як бы спалоханыя і просяць спагады. Рукі моцныя, учэпістыя, натрэніраваныя. Яны яму замянялі ногі.
За свае шэсць гадоў жыцця Дзяніска ніводнага кроку не зрабіў самастойна. Нарадзіўся з хворымі ножкамі. А вось кіраваць каляскай навучыўся рана. Ён так умеў гойсаць на ёй па кватэры, што за ім не ўгнацца было ні бабулі, ні нават маме.
На вуліцы ён таксама абганяў сваіх аднагодкаў. Некаторыя, бывала, яму яшчэ і зайздросцілі. Нават прасілі бацькоў, каб ім купілі такія ходкія машыны. Не ведалі хлопчыкі і дзяўчынкі, што гоншчык Дзяніска вельмі зайздросціў ім. Яму хацелася калі-небудзь прайсці сваімі нагамі.
І вось аднойчы здарыўся цуд.
Пад’ехаў Дзяніска да акна. Зірнуў на ліпу, якая сваёй верхавінай дацягнулася ажно да іхняга шостага паверха, і не паверыў сваім вачам. На самай верхняй, сагнутай галіне сядзела Белая варона.
Але не ўздумайце спрачацца, што белых варон не бывае. Каму хочаце даказвайце, толькі не Дзяніску. За свае гады ён столькі бачыў на сваёй ліпе варон, галак, галубоў, вераб’ёў, што нават вожык не мае столькі іголак.
Пра варон ён ведае ўсё.
Канечне, пра шэрых, бо толькі такія прыляталі на іхнюю ліпу. І Дзяніска добра разгледзеў гэту крумкачову радню. На галаве ў іх чорная, як бы вязаная, у абцяжачку шапка. Дзюба моцная, шырокая, на кончыку завостраная і крышачку загнутая ўніз. Вочы маленькія, але зыркія. Бачаць усё вакол сябе, бо шыя вельмі вёрткая. На гарляку ў іх як бы хустачка ці шалік. Таксама чорныя. Такі ж колер упрыгожвае іх крылы і хвост. А ўвесь астатні варонін камбінезон шэры, сіваваты, нібыта запылены.
Мама па просьбе Дзяніскі ў адной тоўстай кнізе вычытала, што ўжо ў красавіку, разам з першымі кветкамі ў лесе, з першымі громамі і вясёлкамі ў небе, вароны-мамы нясуць яйкі. Пасля дваццаць дзён наседжваюць іх, саграваюць сваім цяплом. І з блакітна-зеленаватых шалупінак прадзёўбваюцца вараняткі. Адразу варона становіцца шматдзетнай мамай. У яе гняздзе пачынаюць ціўкаць да пяці птушанят. І яшчэ праз месяц яны ўжо самастойна вылятаюць з гнязда.
У гэтым месцы Дзяніска заўсёды прыпыняў маму. Хацелася памаўчаць. Зайздросціў варанятам, бач, ім весела вялікім гуртам гадавацца. А ён – адзін у сям’і. І часта бывае зусім адзін у кватэры.
Вароны на ліпе сталі быццам выхавальнікамі, нянькамі для Дзяніскі. Звычайна прыляталі тады, калі ён пазіраў у акно. Адчувалі яго адзіноту.
Як цешылі ды забаўлялі Дзяніску шэрыя вароны? Асабліва адна з іх, самая важная, яна служыла ў іх павадыром.
Сівая пані садзілася на самую верхавіну дрэва. І пад ветрык гушкалася на галінцы, як бы качалася ў крэсле і пра нешта глыбока думала. Але час ад часу круціла галавой то ў адзін бок, то ў другі. Азіралася, ці няма якога шкодніка. “Павадыры, – думаў Дзяніска, – таксама бываюць палахліўцамі”.
І калі навокал ціха, то сівая варона пачынала дзюбай казытаць сябе. То пад левым крылом, то пад правым, то кінецца перабіраць пёркі на брушку. Як бы прыхарошваецца, прыбіраецца ў нейкія госці.
Дзяніску смешна з вароны, а яна нібыта адчувае хлопчыкаву ўвагу, кідаецца паказваць фокусы. Стане на адной назе і страсае з сябе пыл. Раптам пачне хрыпла крычаць. Галаву пры гэтым выцягвае ўперад, хвост апускае ўніз і выціскае з сябе адну і тую ж песню: “Ка-а-а-р-р-р!.. Ка-а-а-р-р-р!..”
А то прынясе аднекуль костку, прыцісне лапамі да галінкі і дубасіць дзюбай, што дзяцел. Адна костка нечакана паляцела ўніз. Варона за ёй. Ледзь не грымнулася аб асфальт. У апошні міг выруліла і скіравала ў бок Свіслачы.
Такі мульцік з жывой варонай Дзяніска назіраў амаль штодня. Яму не надакучваў гэты занятак. Наадварот, ён пачынаў верыць, што сівая варона – яго верны сябар. І яна хоча, каб ён не думаў пра дрэннае, не сумаваў.
Ды вось аднойчы Дзяніска пад’ехаў да акна і ахнуў. На верхавіне ліпы сядзела не шэрая, а Белая варона. Ростам яна была такая ж, але ўся белая- белая, як бы снежная, як бы абсыпаная цукрам ці мукой. Дзяніска ведаў, што бываюць белы мядзведзь, белы лебедзь, белы конь, белы грыб. Мама чытала казку пра белага бычка. Але каб сярод белага дня, пад белымі воблакамі ды з’явілася Белая варона – дзіва з дзіваў.
Дзяніска паклаў рукі на падаконнік, галаву – на рукі і пачаў назіраць за незвычайнай варонай. Яна сядзела нерухома і толькі зрэдку падміргвала вачыма. Так доўжылася вечнасць. Ды раптам Белая варона загаварыла:
– Ка-ар-р, кар-р-алі патр-р-эбны тваёй маме?
– Ага, яна любіць прыбірацца, – пацвердзіў Дзяніска.
Белая варона ўзляцела з галіны і тут жа вярнулася да акна, перад якім сядзеў хлопчык. У дзюбе яна трымала нізку белых караляў. Задала новае пытанне:
– Ка-ар-р, а ты кар-р-амель любіш?
– Яшчэ як люблю, – прызнаўся Дзяніска.
Белая варона зноў некуды знікла і прынесла хлопчыку кулёк цукерак.
Дзяніска не ведаў, як аддзячыць чароўнай птушцы, а яна тут жа нырнула ў нейкім вядомым толькі ёй накірунку. Вярнулася з залатым пярсцёнкам у дзюбе. Цяпер яна нічога не распытвала, а як бы загадвала:
– Ка-ар-р, калі вер-р-нецца твая мама, аддай гэты пяр-р-сцёнак. Па ім яна знойдзе твайго тату. Ён шукае вас і хоча вяр-р-нуцца…
Дзяніска ад нечаканасці рэзка ўзняў галаву з падаконніка і ледзь не выскачыў з каляскі. Здаецца, яшчэ міг – і ён падымецца, пойдзе сваімі нагамі шукаць тату.
– Сынок, што з табой? – пачуў Дзяніска ўстрывожаны голас мамы, якая толькі вярнулася з магазіна, але ў яго вушах усё яшчэ гучалі словы Белай вароны.
– Дзе залаты пярсцёнак? – раптам ускрыкнуў Дзяніска.
– Які пярсцёнак?
– Што прынесла Белая варона!
Мама прытуліла сынаву бялявую галоўку да грудзей, рукой памацала гарачы лобік, занепакоілася:
– Божачкі, задрамаў каля акна. Няўжо зноў тэмпература?..
– Мама, дзе пярсцёнак? – трывожыўся Дзяніска. – Чаму тата яго згубіў?..
Мама моцна трымала Дзяніску каля сябе і дрыжачым голасам, праз даўкія слёзы, ціха паўтарала:
– Сынок, родненькі, супакойся… Усё будзе добра… Знойдзем мы і пярсцёнак, і тату. Вер!..
Дзяніска верыў маме.
Паверыў і ў тое, што да яго абавязкова калі-небудзь зноў прыляціць Белая варона. Можа, яна прынясе згубленыя залатыя ключыкі ад яго ног?
Ад Юні-Юні заданні:
1. Пра які артыкул Канвенцыі гаворыцца ў гэтым апавяданні?
2. Як вы дапамагаеце сваім сябрам, якія трапілі ў бяду?
Уладзімір ЛІПСКІ