Уладзімір КАРЫЗНА. Вершы
Беларуская песня
Каля лесу, каля бору,
Дзе жывыя ўсе азёры,
Край мой рассцілаецца –
Прыгажосцю славіцца.
Салаўі пяюць вясною,
А мяцеліцы – зімою,
Радасць людзям чуецца,
Аж душа хвалюецца.
Усё лета край любімы
Каласамі залатымі
З мірным небам шэпчацца –
Сонца ў шэпце плешчацца.
Бусел на ліпе
Сёння сонца прыпякло,
Цеплыня такая,
Што прыціхла ўсё сяло:
Дожджыку чакае.
Дождж нарэшце асмялеў –
І пайшоў, паехаў,
Вадаспадам зашумеў
Ён па гулкіх стрэхах.
Бусел з ліпы не ўцякаў:
Ліпаю прызнаны,
Ён дажджу таго чакаў,
Як нябеснай ванны!
Смешны майстар
Я ж усё рабіць умею,
І ў мяне работы шмат.
Змайстраваў я ўчора змея.
“Змей сапраўдны,” – кажа брат.
І яшчэ, хай кожны знае,
Я прыдумаў тэлефон,
Праўда, трубку не здымае
На другім канцы Сымон.
Гром злуецца
Нечакана за сялом
Над красой лясною
Варухнуўся цяжка гром
Сілай маладою.
Неспакойны, быццам леў,
Пэўна, не для страху,
Гром яшчэ раз прагрымеў
Па нябесным даху…
Ля акна, дзе касачы,
Голас раздаецца:
– Сонейка, так не пячы,
А то гром злуецца!
Чароўныя словы
– З хаты, мая любачка, не хадзі:
Там жа злосны певень наш, паглядзі!
Хто ідзе – кідаецца на таго,
Б’е балюча дзюбаю – о-го-го!
Кот гуляў там весела: тра-та-та,
Дык напаў разбойнік наш на ката!
Што той кот! Палкана ён напаткаў,
Дык Палкан спалохаўся… Уцякаў!
– А я скажу пеўніку: “Цып-цып-цып,” –
І з кішэні круп яму – сып-сып-сып, –
Певень крупы кінецца пазбіраць,
А мне будзе вольніца пагуляць!