Буда-Кашалёва прыняць вас гатова
ЗАЛАТЫ ЗВОН
Горад Буда-Кашалёва да 1861 года быў вёскай. Наўкол – лясы, палі, лугі. Раён славіцца сваімі дубровамі. Тут ёсць дубы, якім ужо трыста і болей гадоў. Па буда-кашалёўскіх землях працякаюць рэкі Дняпро, Дулепа, Іволька, Ліпа, Любіча, Прудаўка, Уза, Хочамля, Чачора. От, каб хто ўзяўся ды разгадаў, чаму яны так называюцца?
А горадам Буда-Кашалёва стаў пасля таго, як тут праклалі Лібава-Роменскую чыгунку. На мясцовай станцыі ўстанавілі галасісты звон. Ён абвяшчаў на ўсё наваколле аб прыбыцці і адпраўленні цягнікоў. Жыхары горада ведалі голас таго звона. Ён быў для іх своеасаблівым гадзіннікам.
Чыгуначны звон стаў сімвалам горада. Ён, афарбаваны пад золата, упрыгожвае герб Буда-Кашалёва. На гербавым шчыце яшчэ ёсць пяць зялёных і пяць чорных стужак. Хочацца верыць, што гэта пэўны сімвал зялёных буда кашалёўскіх лясоў, лугоў і ўрадлівай раллі.
УВАРАВІЦКІ СЛЕД
Уявіце, захаваўся дакумент, напісаны ў 1560 годзе. Падлічыце, колькі яму гадоў.
У тых паперах ёсць апісанне сяла Уваравічы. Давайце прачытаем хаця б некалькі сказаў са старажытнага пісьма ў перакладзе на сучасную беларускую мову:
“Павіннасць таго сяла: кожны год да дня святога Міхаіла маюць даваці гасподам сваім з кожнай службы па капе грошай, жыта бочку роўную, без верху і няўтрэсеную, аўса бочку, ад кожнага воза сена грошаў чатыры, за дань мядовую плацяць капу адну, за ловы звярыныя і птушыныя грошаў дваццаць…”
Яшчэ сказана, што ў тым сяле Уваравічы знаходзіцца адзінаццаць дымоў, службаў пяць, грунт добры і сенажацей вазоў на пяцьдзясят.
Каб зразумець гэты дакумент, трэба ведаць значэнні даўнейшых слоў. Капа – гэта невялікі стажок, тагачасная адзінка лічэння, шэсцьдзесят штук чаго-небудзь. Дым – гэта хата, гаспадарка. Бочка – гэта вялікая пасудзіна з выпуклых драўляных клёпак, сціснутых абручамі. Яна служыла мерай вадкіх і сыпкіх тавараў і была роўная сарака вёдрам ці пяцістам літрам.
Цяпер Уваравічы – гарадскі пасёлак. Тут жывуць звыш трох тысяч чалавек. Ёсць свае заводы – малочны, пладова-агародннны, цагельны, хлебазавод. Працуюць школы, дзіцячы садок, бібліятэкі, Дом культуры.
Шмат слаўных людзей нарадзілася ў старажытным паселішчы Уваравічы. Адзін з іх – народны мастак СССР, Герой Сацыялістычнай Працы Яўсей Яўсеевіч Майсеенка. Класік жывапісу пакінуў у спадчыну нашай культуры свае карціны “Зямля”, “Песня”, “Перамога”, “Чарэшня”, “Цішыня”.
Засталіся і яго словы прызнання ў любові да родных мясцін:
“Начное поле, бліскавіцы кастроў, вялізнае зорнае неба над галавой, адчуванне зямлі, траў, цішыні – былі маімі першымі ўрокамі мастацтва”.
ЛЯСНЫЯ ЛЮДЗІ
У Буда-Кашалёўскім раёне – 242 вёскі. І большасць хат у іх збудаваны з бярвення. Лес для мясцовых жыхароў, як вялізны сталічны магазін, у якім можна набыць і будаўнічы матэрыял, і прадукты харчавання – грыбы, ягады, арэхі, розныя лекавыя травы і дровы для паліва. Тут знаходзяць матэрыял для сваёй працы сталяры, бондары, калёснікі, майстры народных промыслаў.
Можа таму ў раёне шмат паселішчаў, якія маюць назву ляснога паходжання: Альхоўка, Барок, Беразіна, Бярвёнаўка, Галінкі, Ляскі, Дубраўка, Зялёны Дуб, Кленавіца, Ліпа.
І сярод жыхароў раёна нямала людзей з ляснымі прозвішчамі. Тут можна сустрэць Дуброўскага і Дубавіцкага, Гаева і Гайкова, Альхова і Дзервянкова, Веткава і Сукава, Вярбіцкага і Залескага, Хварэцкага і Круглякова.
А ў хатах, змайстраваных з буда-кашалёўскіх гонкіх соснаў, каго толькі не сустрэнеш. Тут жывуць і гадуюць сваіх нашчадкаў Лапцевы і Кучаравы, Бульбачкі і Кажуховы, Хлебаказавы і Завірухіны, Коцікавы і Сапуновы, Камаровы і Краснабаевы, Ліхашапкі і Недапытальскія. Шчасця вам і вашым дзецям, добрыя, слаўныя мае зямлякі!
“ДАРАГІ МНЕ ДА БОЛЮ КУТ”
Так назваў сваю родную вёску Буда-Люшаўская паэт Мікола Чарняўскі. Цiкава, як бы ён сказаў пра Ляхавiчы. Першы свой верш ён надрукаваў у піянерскай газеце і пасля амаль усё свядомае жыццё працаваў у часопісах для дзяцей – “Бярозцы” і “Вясёлцы”.
Шмат цікавых і мудрых кніжак у паэта Міколы Чарняўскага. Ён нястомна вучыць сваіх юных чытачоў любіць Радзіму, быць вернымі ў сяброўстве і ніколі не забываць тую мясцінку Беларусі, “той парог, што рукой клапатліваю выпраўляе ў жыццё ўсіх нас”.
Гэтак жа чулліва пранеслі па сваім жыцці памяць аб родным куце слынныя буда-кашалёўцы Павел Сцяпанавіч Малчанаў і Віталь Канстанцінавіч Цвірка.
У вёсцы Івольск нарадзіўся народны артыст СССР Малчанаў. Ён быў любімым артыстам гледачоў беларускіх тэатраў, папулярным артыстам кіно. Знаўся з Янкам Купалам і Якубам Коласам, выконваў ролі ў іх п’есах. Яны высока цанілі майстэрства артыста Паўла Малчанава.
Вёска Радзеева – радзіма народнага мастака Беларусі Віталя Цвіркі. Яго карціны ўзбагацілі многія музеі, сталі культурным скарбам нашай краіны. Во якіх волатаў даюць свету беларускія вёскі Буда Кашалёўшчыны!
Сябры, азірніцеся наўкол і хай вам захочацца адкрыць для сябе сваіх землякоў. Ганарыцеся, што побач жылі і жывуць слаўныя сыны нашай Айчыны. Бярыце ў іх урокі жыцця!
Дамашнія заданні
1. Вазьміце карту Беларусі, знайдзіце на ёй горад Буда-Кашалёва ў Гомельскай вобласці. Падумайце, як вы ад вашых вёсак, пасёлка, горада па чыгунцы ці па аўтамабільнай дарозе даехалі б да гэтага раённага цэнтра? Падлічыце, колькі кіламетраў ад вашага паселішча да Буда-Кашалёва.
2. З якімі раёнамі Беларусі суседнічае Буда-Кашалёўскі раён? Што вы ведаеце пра іх?
3. Разгадаўы рэбус, даведаецеся, у якой вёсцы нарадзіўся паэт Анатоль Зэкаў, які цяпер працуе літаратурным рэдактарам у часопісе “Вясёлка”. Гэтая ж вёска – радзіма пісьменнікаў Таццяны Гарэлікавай і Уладзіміра Дзюбы.
Уладзімір Ліпскі
Добры артыкул. Цiкава. Але па дарозе на поўдзень, дарэчы, хуткія паязды нават не спыняюцца ў Буда-Кашалёва. Шкада!
Приятно посмотреть, интересно показать детям
Заходите почаще)
а про Речицу тоже напишите!спасибо!