Буся — для маленькіх бусянят
Дарагія сябры – чытачы нашай цудоўнай “Вясёлкі”, якую вы штомесяц атрымліваеце і, канечне ж, з захапленнем вандруеце па яе старонках. Яны вам здаюцца чароўнай краінай вершаў, казак, апавяданняў, што нярэдка абуджаюць вашу ўласную фантазію. І вось ужо вы дасылаеце ў “Вясёлку” свой першы твор і ганарыцеся тым, што “Вясёлка” – ваша любімае выданне. Але ж у многіх з вас ёсць малодшыя брацікі ці сястрычкі, якім таксама хацелася б мець свой часопіс.
Пра гэта даўно марылі і многія мамы тых хлопчыкаў і дзяўчынак, якіх яны нярэдка ласкава называюць сваімі буськамі, альбо бусяняткамі, і спяшаюцца даць ім сваю пяшчотную “буську”. На самых розных кніжных выставах даводзілася чуць ад мам, каб пісьменнікі як мага больш твораў пісалі на роднай мове для дашкалят. Яны толькі пачынаюць адкрываць для сябе наш непаўторны край, і кожны з іх – ужо маленькі грамадзянін нашай мілай Беларусі. Аднойчы ім давядзецца адчыняць патаемныя дзверцы ў будучы дзень нашай краіны сваім залатым ключыкам.
І вось задумалася “Вясёлка”: а і сапраўды, ці не стварыць ёй свайго дзівоснага спадарожніка – часопіс для самых маленькіх беларусаў? Задумалася і стварыла! І назву не давялося доўга прыдумваць. Вядома, – “Буся”! У гэтым назове – пажаданні многіх мам. Калі выйшаў “пілотны” нумар “Бусі”, галоўны рэдактар “Вясёлкі” Уладзімір Сцяпанавіч Ліпскі паказаў яго адной маленькай дзяўчынцы, якая адразу ў захапленні, з радасцю прыціснула чытанку-маляванку да грудзей, маўляў, вось ён – мой часопіс! А старшыня праўлення Беларускага саюза жанчын Надзея Андрэеўна Ермакова, бласлаўляючы новае выданне, напісала: “Усе жанчыны Беларусі рады вітаць нараджэнне новага дзіцяці – часопіса “Буся” для самых маленькіх грамадзян нашай краіны, для выхаванцаў дзіцячых садкоў. Мы, мамы, усцешаны, што пісьменнікі, мастакі, кампазітары гатовы сваімі творамі выхоўваць юную змену. Няхай жа новае выданне прыйдзе ў кожную сям’ю, дзе ёсць дзеці…”! І новы часопіс рыхтуецца да свайго выхаду. “Буся” будзе ўключаны ў падпісны каталог “Белпошты” ўжо ў другім паўгоддзі 2013 года.
Падпісны індэкс для індывідуальных падпісчыкаў 0014 (кошт аднаго нумара 10000 рублёў), для ведамасных – 00142 (кошт аднаго нумара 12500 тысяч рублёў).
А пакуль… Пісьменнікі натхнёна ствараюць для “Бусі” новыя казкі, апавяданні, загадкі. Мастакі малююць дзівосныя малюнкі і рыхтуюць займальныя маляванкі для маленькіх бусянят. А рэдакцыя “Вясёлкі” для свайго спадарожніка распрацоўвае адмысловыя рубрыкі. Актыўна ўключайцеся ў гэтую працу і вы, дарагія нашы чытачы! “Буся” чакае ад вас цікавых аповедаў пра малодшых сястрычак і брацікаў. А бацькоў і выхавацеляў дзіцячых садкоў мы просім прысылаць свае прапановы, меркаванні і пажаданні. З вашай падтрымкай, шаноўныя, мы зробім змястоўны, займальны і проста, ва ўсіх адносінах, выдатны часопіс для самых маленькіх. І, магчыма, аднойчы камусьці з вас пашчасціць пачуць ад свайго мілага бусіка штосьці накшталт вось гэтых радкоў:
Мама, гэта ўсё не дзівы:
я – разумны і пачцівы.
Як належыць, апрануся
і скажу: «Цяпер дай “Бусю”»!
Ад рэдакцыі