Каляндар чытача
Ці бачыў ты калі-небудзь каляндар? Вядома, адкажаш ты, – дзіўнае пытанне! А хто з вас бачыў каляндар чытача? Напэўна, гэта пытанне прымусіла задумацца? Тады кожнаму чытачу “Вясёлкі” прапаную стварыць уласны каляндар. Для гэтага спатрэбіцца звычайны адрыўны ці перакідны каляндар (падыдзе таксама блакнот ці альбом, на якім запісаны даты кожнага месяца года).
Дзень за днём пазначай у чытацкім календары ўсе падзеі, звязаныя з кнігай: даты наведванняў бібліятэк і кнігарняў, назвы прачытаных кніг і прозвішчы іх аўтараў, урыўкі з твораў, якія цябе найбольш зацікавілі. Стварай малюнкі, аплікацыі, каб выказаць думкі і ўражанні ад прачытанага. Пакажы свой каляндар бацькам і настаўнікам, прапануй сябрам далучыцца да тваёй цікавай справы. Тады ў вас атрымаецца калектыўны “Каляндар чытача”, а разам і чытаць, і адпачываць весялей!
Дні бягуць вельмі хутка. Многія падзеі не паспяваюць затрымацца ў памяці. Лісткі цудоўнага “Календара чытача” дапамогуць табе і тваёй сям’і запомніць, якія сустрэчы з кнігамі адбыліся ў тваім жыцці сёлета.
На лістку з урачыстай датай 31 снежня падвядзі вынікі сваёй працы, пастаў аўтограф і, як прынята напярэдадні Новага года, загадай жаданні. Хочацца спадзявацца, што хаця б адно з іх будзе пра новыя сустрэчы з кнігай!
Ірына Буторына