Яшчарка
Ох і любіць яна спешку!
Перабегла
дзецям сцежку.
І хацела – пільным будзь! –
у зялёны мох нырнуць.
Не нырнула,
не паспела!
Дзеці кінуліся смела
Ўслед за ёй
і за паўхвілі
шумным гуртам акружылі –
ні пад мохам,
ні ў галлі
ёй схавацца не далі.
Хтосьці з іх
нядобры быў
і на хвост ёй наступіў.
Тузанула раз, другі –
і адпала ад нагі,
І пабегла
да куста
без уласнага хваста.
– Не ўцякай у куст
наўпрост –
забяры з сабою хвост!
Барбі
Кроку без яе не ступіць –
Як жа Таня Барбі любіць!
Без яе –
Амаль галосіць,
На руках
Штодзённа носіць,
Шчыра ў вочкі
Пазірае,
Шчочкі
Ватай працірае.
З асаблівай цеплынёй
Валасы расчэша ёй.
І паправіць чаравічкі,
І пагладзіць, як сястрычку.
Не пакіне
У нудзе,
Спаць
З сабою пакладзе.
Нібы Барбі,
Наша Таня
Прыгажуняй хутка стане.
Мар’ян ДУКСА