Цыркавыя Алімпійскія гульні
На штогадовым міжнародным фестывалі цыркавога мастацтва ў Монтэ-Карла, які адбыўся ў лютым, беларускія артысты цырка атрымалі спецыяльны прыз прынцэсы Стэфаніі. Фестываль праходзіць пад асабістым наглядам князя Манака Альберта і прынцэсы Стэфаніі, якая ўзначальваюць арганізацыйны камітэт. Усе нумары ўдзельнікаў фестывалю адбіраюцца менавіта імі. Жанр не мае значэння. Выступаць могуць як дрэсіроўшчыкі вожыкаў, так і паветраныя гімнасты, клоўны, дрэсіроўшчык тыграў. Княства Манака на гэтыя дні пераўтвараецца ў сусветную сталіцу цыркаваога мастацтва. Галоўная ўзнагарода конкурса – «Залаты клоўн». Гэта вельмі прэстыжная ўзнагарода! Цыркавыя Алімпійскія гульні праводзяцца ўжо больш за 36 гадоў.
У 2012 годзе дырэктар-мастацкі кіраўнік «Белдзяржцырка» Таццяна Бандарчук была ганаровым членам журы конкурса. У лютым гэтага года артысты балета Беларускага Дзяржаўнага цырка прынялі ўдзел у конкурснай праграме. Прафесійная пастаноўка і неверагоднай прыгажосці касцюмы, прадэманстраваныя артыстамі балета, паспрыялі атрыманню спецыяльнага дыплома і статуэткі, які прынцэса Стэфанія ўрычыла асабіста Сержу Бандарчуку.
Краснянская Дзіана вучаніца 3 класа наваполацкай школы № 11 , адказала правільна на пытанне надрукаванае ў “Вясёлцы” № 2/Сапраўдны, што побач з цыркам знаходзіцца памяшканне водападрыхтоўкі, каб дрэсіроўшчыкі маглі працаваць з жывёламі, у тым ліку і марскімі. Дзіана і атрымоўвае білеты ў цырк! Таксама падарункі ад рэдакцыі адпраўляюцца Івану Сянькевічу, вучню гімназіі № 74 горада Мінска. Новае пытанне ад Беларускага дзяржаўнага цырка: ці атрымоўвалі раней беларускія артысты цырка ўзнагароды міжнароднага фестывалю цыркавога мастацтва ў Монтэ-Карла? Дасылайце свае адказы на адрас рэдакцыі, ці нашу электронную пошту vyaselka2011yandex.ru. Некаму з вас пашанцуе атрымаць білеты ў цырк!
Анастасія Радзікевіч