Складанае заданне
Ужо і званок празвінеў, і клас сцішыўся ў чаканні настаўніка, а Кастуся няма. Марыйка не таму перажывае, што нешта здарылася з яе суседам. Што з ім можа здарыцца? Ды і не сябры яны, усяго толькі месяц, як прыйшоў Кастусь у іх школу, і класная Надзея Вітальеўна пасадзіла яго да яе.
Марыйка проста прызвычаілася жыць так, каб усё ішло па сваім звычным коле. У яе кожны дзень распісаны па хвілінах: калі — паглядзіць тэлеперадачу, калі – пагуляецца на камп’ютары, калі – зробіць хатнія заданні, а калі – павячэрае, пачытае і будзе класціся спаць. Марыйка любіць парадак ва ўсім. Вось Кастусь зараз не прыйдзе на заняткі – і парушыцца парадак…
Ды прыбег Кастусь, запыханы, расхрыстаны, чуб у розныя бакі тырчыць. Уляцеў у клас, а за ім і настаўніца літаратуры і мовы Вольга Іванаўна адразу зайшла. І заўвагу Кастусю не зрабіла. Марыйка ведае, што Кастусь – яе любімчык. Нікога больш так не хваліць. Нават Марыйку, хоць яна і выдатніца.
Затое ў Кастуся бываюць і “шасцёркі”, і “пяцёркі” па матэматыцы. Падумаеш, сачыненні добра піша. А прыклады рашаць – гэта куды складаней!
Матэматыка – другім урокам. Там такі складаны прыклад у дамашнім заданні быў! Толькі званок на перапынак празвінеў, Кастусь павярнуўся да Марыйкі і вінаватым голасам папрасіў:
– Слухай, дай матэматыку спісаць, а?
Марыйка аж вочы акругліла. Яна ніколі і нікому спісваць не давала, усе ведаюць. Гэты Кастусь зусім, мабыць, не разумее, што спісваць – гэта ж падманваць настаўніцу. А яшчэ горш – даваць спісваць.
– Не дам, – ціха, але цвёрда адказала Марыйка і тут жа адвярнулася, каб не бачыць маўклівы адчай у вачах хлопчыка.
Кастусь быццам і не чакаў іншага адказу, сшытак дастаў, разгарнуў. Марыйка крадком зірнула – а там нават слоўца аднаго не напісана!
Наталля Дзянісаўна – вельмі строгая і патрабавальная. Ух, як яна не любіць, калі хатнія заданні не робяць! І вось паглядзела толькі ў сшытак Кастуся, адразу ўсё зразумела.
– Кастусь, што ў цябе здарылася? Ты нават не пачынаў рашаць! – абурылася настаўніца і паставіла “двойку” Кастусю ў сшытак! А Марыйцы – чарговую “дзясятку”. Вось так!
Але неспадзявана Марыйка адчула не радасць ад атрыманай адзнакі, а засмучэнне. Так, яна ні кропелькі не сумнявалася, што паступіла правільна. Ды было нечага прыкра. Марыйка цішком пазірала на суседа. Кастусь быў вельмі засмучаны, яшчэ больш сцішаны, як ніколі. І да канца заняткаў ні з кім не загаварыў, на перапынках не бегаў. Сядзеў самотны, варты жалю.
Не, Марыйка не адчувала сябе вінаватай. Але ёй колькі разоў хацелася загаварыць з Кастусём Ён жа павінен разумець, што даваць спісваць – гэта таксама падманваць настаўніка…
Зусім сумнай прыйшла Марыйка дадому. Захацелася проста легчы і паляжаць на канапе, пагартаць кніжку, а не рабіць тое, што даўно робіць па распарадку…
– Мама, у мяне сёння хлопчык папрасіў спісаць дамашняе заданне. А я адмовіла, – ціха прызналася Марыйка дома.
– Ну і малайчына, – пахваліла маці. – А чаму так сумна кажаш?
– Яму настаўніца двойку паставіла. Атрымліваецца – з-за мяне.
– Нічога не атрымліваецца, – маці абняла, прыціснула да сябе Марыйку. – Падман не ратуе… Ён сам вінаваты. Дарэчы, хто гэта?
– Мой сусед, новенькі наш, Кастусь Рымша.
– А, вунь яно што… – прагаварыла маці.
– А што? – насцярожылася Марыйка.
– Ды не… нічога, – супакоіла яе маці. – Не перажывай. Ты ўсё зрабіла правільна. Думаю, што ён разумны хлопчык і на цябе не крыўдуе.
– Разумны… Ты так кажаш, быццам яго ведаеш.
– Не, не ведаю, але яго маці працуе ў суседнім аддзеле… У твайго Кастуся яшчэ дома дзве маленькія сястрычкі-блізняткі. Вось ён такі і сур’ёзны.
– Я не вінаватая, што вы нікога не нарадзілі больш! – выкрыкнула з крыўдай Марыйка – бач, маці з такой павагай кажа пра гэтага Кастуся, а ён дамашнія заданні не выконвае! Так крыўдна стала, што слёзы самі пацяклі з вачэй.
Марыйка пабегла ў свой пакой і ўпала на канапу, тварам у падушку. Ну што сёння за дзень такі!
Яна і не заўважыла, як заснула. Прачнулася, калі асцярожна рыпнулі дзверы пакоя, але не расплюснула вачэй.
– Спіць? – пачулася ціхае пытанне маці з калідора.
– Ага, спіць, – гэтак жа ціха адказаў бацька і прычыніў дзверы. – А што здарылася?
– Ой, перажывае надта… Не дала спісаць хлопчыку, суседу. Таму паставілі двойку.
– Ну дык і правільна ж зрабіла. Лайдака падсадзілі да дзяўчынкі…
– Ды я сказала, што правільна зрабіла…А хлопчык не лайдак. Яго маці ў аддзеле камплектацыі ў нас працуе. У сям’і яшчэ дзве дзяўчынкі па тры гадкі. Бацька недзе далёка ў камандзіроўцы. Учора нечакана ў Святланы, гэта яго маці, узняўся ціск на рабоце. Давялося выклікаць хуткую, яе і завезлі ў бальніцу. То ўчарашні вечар Кастусь быў сам за гаспадара. Кашу сястрычкам варыў, спаць клаў. Сёння толькі прыехала яго цётка, сястра Святланы…
Марыйка ўсё чула. І ёй стала яшчэ больш крыўдна…
Назаўтра ў школе дзяўчынка сядзела сцятая за партай, чакала Кастуся. Не ведала, што яму скажа. Ведала толькі, што павінна нешта сказаць…
Кастусь не спазніўся, выглядаў куды весялейшым, чым учора.
– Добрай раніцы, – прыязна павітаўся ён з Марыйкай і ўсміхнуўся: – Ты не думай, я зусім не крыўдую… Ты правільна зрабіла. Проста я зусім разгубіўся ўчора…
– Як твая мама? –пацікавілася Марыйка. – Ёй лепш?
– А ты ведаеш? – здзівіўся Кастусь. – Дзякуй, лепш. Яе хутка выпішуць.
– Я… магу табе памагчы з прыкладамі, – злёгку чырванеючы, прапанавала Марыйка.
– Дзякуй! – шчыра адказаў Кастусь. – Якраз я і хацеў папрасіць пра гэта. Як ты ўгадала?
Марыйка толькі ўсміхнулася ў адказ. Незвычайная палёгка, радасная ўзрушанасць і адчуванне таго, што ўсё вакол добра-добра, поўнілі яе…
Валерый ГАПЕЕЎ