Дзяўчынка і ложак
– Ну вось, здаецца, атрымалася нядрэнна! – сказаў мэблевы майстар, гледзячы на зроблены ім ложак, які чароўна зіхацеў свежым лакам. – Дзецям павінен спадабацца.
Назаўтра ложак завезлі ў мэблевую краму, куды прыйшла дзяўчынка са сваімі бацькамі, каб купіць новы ложак.
– Вось гэты, вось гэты! – закрычала яна адразу, раз-пораз пляскаючы па ложку ручкамі. І нават гопнулася на яго.
– Ай, ай, ай! Што ты робіш?! – пачаў скардзіцца ложак. – Мне ж баліць!
Але дзяўчынка яго не чула.
Ложак купілі і прывезлі дадому.Уначы, калі дзяўчынка заснула на новым ложку, то ёй было з непрывычкі нязручна, і яна варочалася ў сне, б’ючы ложак то рукой, то нагой.
– Гэта кепскі ложак! – раніцай крычала дзяўчынка. – Аддайце яго назад!
Ложку хацелася плакаць, ды не ўмеў. І ён падумаў: а што, каб да яго ў краме тады падышла другая дзяўчынка? І як бы напраўду адчуў нейкі вельмі далікатны дотык, і хтосьці ласкава яго пагладзіў.
– Які ён мілы! – сказала другая дзяўчынка, звяртаючыся да бацькоў. – Давайце яго возьмем.
І вось ложак апынуўся ў яе спальні. Дзяўчынка накрыла яго прыгожым пакрывалам, пасадзіла свае любімыя цацкі. Ложак канчаткова супакоіўся.
– Які ты ўсё-такі слаўны! Давай сябраваць! – сказала дзяўчынка і накрылася цёплай пуховай коўдрай.
Ложак быў у захапленні ад сваёй новай гаспадыні і пачаў дарыць ёй казачныя светлыя сны. Цяпер дзяўчынка спакойна спала ўсю ноч і нічога не баялася.
Але гэта ўжо іншая казка.
Міхась ТУРУНОЎСКІ