Джэнтльмен
Міхаськаў дзядуля, калі быў яшчэ зусім маленькім хлопчыкам, жыў у далёкім Туркменістане. Там нават у горадзе можна сустрэць вярблюда і круглы год ласавацца вельмі смачнымі дынямі і кавунамі.
Вярнуўся ён адтуль з нардамі. Гэта гульня такая. І хоць прайшло ўжо шмат часу, нарды захаваліся. Больш таго, гульня стала сямейнай.
Міхаська таксама хоча навучыцца гуляць у нарды, але пакуль што ўмее лічыць толькі да дзесяці. Затое хораша падкідвае над дошкай кубікі. Учора хлопчык дапамагаў гуляць бабулі, а сёння сеў каля дзядулі. Падкіне два кубікі за яго, а ў самога вочкі хітравата свецяцца.
– Выйграй, бабуля, у дзядулі, выйграй! – просіць унук.
На гэта бабуля, лагодна ўсміхнуўшыся, заўважае:
– Ты ж з дзядулем гуляеш, а хочаш, каб я выйграла.
Хлопчык маўчыць, не ведае, што адказаць. Яно ж і сапраўды так. Выручае, як заўсёды, дзядуля:
– Мужчына расце! – кажа ён не без гонару і гладзіць малога па галоўцы. – Джэнтльмен!..
Васіль ТКАЧОЎ