Як Павучок і Пчолка Матылька ратавалі
Аднойчы да пад’езда, каля якога ў згодзе ды лагодзе жылі Павучок і Пчолка, прыляцелі тры матылькі. Убачылі кветкі і вырашылі крыху пагасцяваць тут. Заўважыў іх адзінокі ды злы Кот, які нікога не любіў і якога ніхто не любіў. Кот хацеў кіраваць усім дваром.
– А вы што робіце каля майго пад’езда? – накінуўся ён на матылькоў.
– Гэта не твой пад’езд, а агульны. І кветкі не твае, бо іх пасадзіла бабуля з другога паверха, – заступіўся за матылькоў Павучок.
Раззлаваны Кот вырашыў злавіць аднаго з матылькоў, прывязаць да яго ножкі нітачку і навучыць розным фокусам. Каб быў акрабатам, як у цырку. Каля суседняга дома расла адзінокая мальва, і Матылёк паляцеў да яе. Мальва вельмі ўзрадавалася, калі ўбачыла незнаёмца. За размовай не прыкмецілі, як і вечар надышоў.
– Заставайся ў мяне начаваць, – прапанавала мальва. – Не бойся, не замерзнеш. Я схаваю цябе ў кветачку і затулю вялікім лістком.
Матылёк згадзіўся.
Усё гэта бачыў і чуў Кот, які і нітачку падрыхтаваў, каб прывязаць да матыльковай ножкі.
Пчолка і Павучок пачалі хвалявацца: ужо і спаць пара, а Матылька няма нідзе. Не здарылася б чаго.
– Пайду да адзінокай мальвы, праверу, можа, ён там, – сказаў Пчолцы назіральны Павучок.
– Вось што. Я дам табе маленькі сотавы тэлефон. Калі бяда якая здарыцца, тэлефануй, я адразу прылячу, – прапанавала разумная Пчолка.
Гэтак і зрабілі. Калі Павучок прыбег да адзінокай мальвы, Кот ужо быў там.
– Ідзі адгэтуль, мурзаты Павук, гэта нічыя мальва і нічый Матылёк, – прыстрашыў Павука Кот. Павучок пабег да кветачкі, у якой спаў Матылёк.
Злыя вочы Ката свяціліся зялёным святлом. І тут павучок успомніў матчыну навуку. Хуценька сплёў сетку з павуціны. А Кот надта ж баяўся ўсялякага павуціння. У цемры і не зразумеў, што гэта аблытала яго з ног да галавы. Не ўтрымаўся і зваліўся на зямлю. Павуціна парвалася, а Кот ачомаўся і зноў пачаў падкрадвацца да Матылька. Тады Павучок і патэлефанаваў Пчолцы па маленькім сотавым тэлефоне.
Пчолка пачула трывожны сігнал і, не раздумваючы, паляцела да адзінокай мальвы. Яна ніколі ў жыцці нікуды не лётала цёмнай ноччу, і ёй было боязна. Але трэба ратаваць сяброў. Кот ужо цягнуў сваю брыдкую лапу да кветкі, у якой спаў Матылёк, калі пачуў над вухам дзумканне.
– Прэч, нягоднік, а то так уджалю, што мала не здасца! – прыстрашыла смелая Пчолка.
Кот напалохаўся і скокнуў уніз.
Вось і казка скончылася. Малайчына той, хто чытаў. Малайчына і той, хто слухаў, калі яму гэтую казку чыталі мама ці тата.
Георгій МАРЧУК