Птушкі-кветкі
Птушак, якія застаюцца зімаваць у родных краях, зусім няшмат. Вядомая нам з казак сарока-белабока жыве не толькі ў лесе, але і ў горадзе свая птушка, любіць патрашчаць і там, і тут. А вось сойка не надта любіць паказвацца людзям на вочы. Яна спрытная, хуткая, вялікая і прыгожая, рознакаляровая, з блакітным пер’ем на крылах. Корміцца дробнымі насякомымі, насеннем раслін, але найбольш любіць жалуды. Іх яна запасае і на зіму.
Сініца ўсім нам добра вядома меладычным пацінькваннем і зялёнаю афарбоўкаю. Сінічкі ў нашым лесе жывуць розныя: чорныя, чубатыя, даўгахвостыя. Людзі робяць для птушак спецыяльныя хаткі – сінічнікі. Сініцы кормяцца пераважна насякомымі і іх лічынкамі, таму знішчаюць шмат садовых шкоднікаў.
Яшчэ ў лясным гушчары жыве попаўзень — птушка велічынёй з сініцу, але з прадаўгаватым целам і кароткім хвастом. Пер’е на спіне ў яго блакітна-шэрае, брушка белае, бакі рыжавата-карычневыя.
У ельніку, у лясных зарасніках жыве і самая маленькая птушка Беларусі — каралёк жоўтагаловы. Яго ў народзе яшчэ валовым вочкам называюць, такі ён невялічкі. Пер’е ў яго пушыстае, шэравата-зялёнае, брушка шэрае, жоўта-аранжавыя палоскі на галаве, на крылцах па дзве белыя палосачкі.
Але сапраўдным каралём яловага лесу па праву можна назваць крыжадзюба-яловіка. Птушка велікаватая, зверху буравата-чырвоная, мае нядоўгі хвост і моцную дзюбу, верхняя і ніжняя палавіны якой на канцы перакрыжоўваюцца. Галоўная ежа крыжадзюбаў — гэта насенне ёлак і сосен. Гэта сапраўды самая зімовая птушка: мама-крыжадзюбіха адкладвае яйкі ў гняздо ўжо ў лютым і пачынае выседжваць птушанят, калі марозы яшчэ стаяць. Песня крыжадзюба – гучны посвіст, у якім выразна чуецца “кле-кле”, за што яго яшчэ клястом завуць.
Зімуе з намі і прыгожая ярка-жоўтая, як кветка, невялікая спеўная птушка аўсянка. Калі зіма надта снежная, то яна туліцца бліжэй да чалавечага жытла, калі надта марозная, адлятае на поўдзень краіны, а потым вяртаецца да сваіх гнёздаў.
Але самыя прыгожыя птушкі-кветкі — снегіры. Хто не любаваўся іхнімі чародкамі на заснежаных дрэвах! Здаецца, што нехта невядомы развесіў на галінках чырвоныя ружы. У Беларусь снегіры прылятаюць з поўначы, бо ў нашым краі зіма больш мяккая.
Алесь Жук