15. Дабрадзей для ўсіх дзяцей
Аповесць-казка
15. Казюра супраць Юні-Юні
Зварот Юні-Юні да ўсіх дзяцей праз сайт стаў вядомы і Казюру. Ён так разгневаўся, раз’юшыўся, што аж антэнкі з махнатымі кутасікамі над галавой ледзь не адарваліся. Востры нос ледзь не адламаўся. А карычневы доўгі фрэнч растапырыўся ў два бакі, і Казюра, як майскі жук, ледзь не ўзляцеў у космас.
Крыху супакоіўшыся, ён пачаў ліхаманкава думаць, як жа адпомсціць Юні-Юні. Выклікаў да сябе верных служак — каралеву Ляноту і змея Хапуна. Бегаў па асфальце перад сваім домікам і выстукваў чачотку чаравікамі на высокіх абцасах.
— Думайце, прыдумайце, што зрабіць, каб дзеці не паверылі Юні-Юні, — загадваў ён і паўтараў нейкае пракляцце, зразумелае толькі яму. — Эна, рэна — рэц, кінтар, вінтар — жэц.
— Давайце дзяцей разморым спячкай, — прапанавала каралева Лянота і так пазяхнула, што ледзь не ўцягнула ў сябе чмяля, які пралятаў міма.
— І што будзе? — вылупіўся на яе Казюра.
— А тое, што яны перастануць хадзіць у школу, не захочуць чытаць кніжкі, лазіць у інтэрнэце. Будуць толькі пазяхаць і спаць.
— Ага, укладзеш ты гэтых жэўжыкаў. Твайго чараўніцтва не хопіць, — засумняваўся Казюра.
— А калі ядам іх пачаставаць? — спытаў змей Хапун.
— Лухту вярзеш, — Казюра груба абарваў Хапуна. — У іх жа год Змяі аб’яўлены. Тваё зелле ім будзе толькі на карысць.
Раптам Казюра абхапіў кіпцюрастымі лапамі галаву, падобную на рыцарскі шлем, доўга сядзеў моўчкі і потым аб’явіў:
— Зробім так, як паступіў Юні-Юні. Ён напісаў зварот да дзяцей, і мы таксама звернемся да іх са сваім пасланнем.
— А хто яго напіша? — азвалася каралева Лянота, якая ніколі не хадзіла ў школу.
— Папросім майго суседа Вужа, — прапанаваў змей Хапун. — Ён такія выкрутасы сваім целам выпісвае, што ніводнаму вучню і не сніліся.
— Ды я злятаю да дзюбастага Дзятла, перадам яму кулёк смачных караедаў, ён нам любую тэлеграму выстукае, — разважліва прыняў рашэнне Казюра.
З гэтым усе пагадзіліся.
Праз нейкі час на сайтах усіх школ – гарадскіх, сельскіх, лясных — з’явілася павучанне Казюры. Але ён падпісаўся пад тэкстам не сваім сапраўдным імем, а назваўся так — “Дабрадзей для ўсіх дзяцей, хто хоча паспаць у ахвоту, сябруе з лянотай і не любіць аніякай работы”.
Першым, здаецца, прачытаў тое “павучанне” сам Юні-Юні. Ён жа на варце абароны дзяцей усе дваццаць чатыры гадзіны ў суткі. Удзень і ўначы гатовы заступіцца за юных грамадзян планеты. І ён не мог не заўважыць на сваім форуме вось гэты злосны гнюс:
“Мае даражэнькія дзетачкі, ведайце і запомніце, што вашы правы ніхто не абараняе, ніхто не вартуе. На вас толькі нападаюць: каб вы вучыліся, слухаліся, чыталі, пісалі, рашалі. Усім вашым дабрадзеям хочацца аднаго — каб вы сядзелі ціхенька, як мышы ў норцы. А я дазваляю вам гуляць, дурэць, не слухацца ні бацькоў, ні настаўнікаў. Рабіце што заўгодна. Хадзіце на галовах, і вы ўбачыце вакол сябе іншы свет”.
Юні-Юні зразумеў, што гэту мазню мог скласці толькі Казюра, альбо нехта з яго падручных, гэткіх жа забіякаў, як і ён сам.
Можна было далей і не чытаць. Але Юні-Юні вырашыў да канца вывучыць Казюравы “павучанкі”:
“Гэй вы, мае паслухмянцы, ведайце, што толькі я магу абараніць вас ад усіх і ад усяго. Я самы смелы, адчайны, рызыкоўны. Рабіце, што хочаце, вам за гэта нічога не будзе. Ходзіце па вуліцы – кідайце смецце, паперы ад марожанага, цукерак. Будзеце ў лесе — ламіце дрэўцы, тапчыце кветкі, лавіце матылёў, стракоз, конікаў і адрывайце ім насы, крылы. Нішчыце гнёзды птушак, хай дарослыя змагаюцца за зберажэнне прыроды і чыстае акаляючае асяроддзе, а вам гэтым займацца рана.
Хто вас падвучыў, што вы маеце права на ўсебаковае і паўнацэннае развіццё? Я вось не хаджу ні ў зубрыную, ні ў людскую школу. І жыву! Ад навукі баліць галава, псуюцца вочы, скрыўляецца пазваночнік. Не слухайце настаўнікаў. Я магу падаслаць да вас каралеву Ляноту, і яна навучыць вас спаць, пазяхаць, драмаць на ўроках. Самы салодкі занятак!
Вам абяцаюць права на свой утульны дом ці кватэру. Глупства! Лепш за ўсё жыць пад зорным небам, пад бярозай спаць на траўцы. Свежае паветра — гэта і ёсць здароўе.
Навошта, скажыце, вам права на неабходнае медыцынскае абслугоўванне? Таблеткі горкія. Уколы калючыя. Пілюлі не пракаўтнуць. Не давайце дактарам слухаць ваша сэрца, мераць ціск і тэмпературу.
Чэснае казюрскае, вас не трэба абараняць ад працы. Вы і так не любіце нічога рабіць. Гуляйце колькі заўгодна, з кім хочаце і дзе хочаце. Дазваляю!..”
“Эх, Казюра, Казюра, — у гневе падумаў Юні-Юні. — Злосці ў цябе поўныя косці. Але ж ведай: грозен жук, ды ніхто яго не баіцца. Пасееш ліха — пажнеш буру для сябе”.
Юні-Юні вырашыў, што самі дзеці дадуць адпор шкодніку Казюру. Трэба толькі крыху пачакаць.
Уладзімір ЛІПСКІ