Нясвіжскі замак
Кожны беларускі замак цікавы і ўнікальны па-свойму. Але сярод іх ёсць такія, без якіх уявіць наш край проста немагчыма. Згадаем хоць бы славуты замак у нашым “маленькім Парыжы” – Нясвіжы. Належаў ён тым самым “некаранаваным каралям Рэчы Паспалітай” – Радзівілам, якія сваёй заможнасцю, уплывам і магутнасцю супернічалі з манархамі.
Нясвіж упершыню згадваецца ў 1446 годзе. Тады тутэйшы замак быў драўляным. Але надыходзілі новыя часы. І вось у 1580-х гадах на сродкі Мікалая Крыштафа Радзівіла, што меў мянушку Сіротка, пачалі ўзводзіць новы замак. Гэтым разам ужо мураваны – магутны і велічны. Замак, аточаны вадаёмамі-ставамі, паставілі амаль на востраве. Драўляны мост пры небяспецы разбіраўся, і праціўнік мусіў пераадольваць ваду пад гарматным агнём. А перад мурамі яго чакаў глыбокі роў, напоўнены вадою, і дваццаціметровыя бастыёны, гарматы з якіх білі трапна. Нездарма замак лічыўся адным з самых магутных у Вялікім Княстве Літоўскім.
Шмат у чым Нясвіж стаў першым. Менавіта тут упершыню ў Беларусі была заснавана людвісарня – майстэрня па вырабе гарматаў.
Некалькі стагоддзяў Нясвіжскі замак з’яўляўся адным з найбуйнейшых культурных цэнтраў, і ягоныя калекцыі не саступалі скарбам самых вядомых у свеце музеяў. Бібліятэка на дваццаць тысяч тамоў, партрэтная і карцінная галерэя – каля тысячы палотнаў, унікальныя зборы даспехаў, зброі, знакамітых слуцкіх паясоў, манет. Раскоша аздаблення пакояў, фантастычныя балі і феерверкі ўражвалі ўсіх, а легенды пра горы каштоўнасцей, схаваных у сутарэннях, сягалі далёка за межы Вялікага Княства.
За ўсю сваю гісторыю замак зведаў і добрыя, і благія часы. У дваццатым стагоддзі ён знаходзіўся ў заняпадзе. Але, на шчасце, надыходзіць час збіраць камяні. І вось пасля дзесяцігадовай рэстаўрацыі замак вярнуўся да нас ва ўсёй сваёй прыгажосці, велічы і раскошы. Сёння кожны з нас можа пераканацца ў гэтым, наведаўшы музейны комплекс. Замак зачароўвае ўжо здалёк. Вакол яго разлягаюцца велізарныя паркі, якія цягнуцца абапал вадаёмаў і надаюць яму незвычайную прыгажосць у любую пару года. А калі набліжаешся, то нібыта трапляеш у казку. Яна палоніць цябе і не адпускае.
Кожны, хто прайшоў праз шыкоўныя парадныя залы, арсенал, капліцу, пакідае замак зачараваны. Ды што казаць – апісаць усё яго хараство немагчыма! У замку трэба пабываць кожнаму беларусу. Абавязкова! Унікальныя роспісы, мэбля, карціны дыхаюць гісторыяй, якую мы ўсе можам адчуць і пабачыць. А безліч цікавых паданняў – пра Барбару Радзівіл, пра князёў Рыбаньку, Пане Каханку…
Пад замкам – падземныя хады-лёхі. Яны і сёння хаваюць шмат таямніц. Так, паводле тутэйшых паданняў, частка нясвіжскіх скарбаў, закапаных дзвесце гадоў таму, дагэтуль не знойдзена. У тым ліку і дванаццаць залатых апосталаў…
Нясвіжскі замак настолькі ўнікальны, што ўключаны ў спіс сусветнай спадчыны, бо ўяўляе каштоўнасць для ўсяго чалавецтва. І сёння ён самы папулярны сярод турыстаў, нашых і замежных. Замак у Нясвіжы – сімвал велічы нашай гісторыі і культуры, які запрашае ў госці кожнага.
ПЫТАННІ
1. На грашовай купюры якой вартасці змешчана выява Нясвіжскага замка?
2. Чаму заснавальнік замка меў мянушку Сіротка?
3. Хто быў прататыпам знакамітай “Чорнай панны Нясвіжа”?
Яраш Малішэўскі