Вандроўка па Дняпры
Дняпро, або Днепр, а ў старажытнасці — Барысфен, — адна з самых вялікіх рэк у Еўропе. Па сваёй даўжыні саступае толькі Волзе, Дунаю і Уралу. Злучае паміж сабой тры славянскія краіны – Расію, Беларусь і Украіну. Прапануем вам, дарагія сябры, далучыцца да нашай вандроўкі па беларускіх і рускіх гарадах, мястэчках і вёсачках, што месцяцца на берагах слаўнага Дняпра.
Лоеў
У Х—ХІ стагоддзях на Замкавай гары існавала старажытнае паселішча дрыгавічоў. Аднак у гэтых мясцінах людзі сяліліся значна даўней, яшчэ да нашай эры.
Рэчыца
У ваколіцах Рэчыцы ўпершыню ў Беларусі была знойдзена нафта. Рэчыца – буйны прамысловы цэнтр Гомельшчыны. У горадзе нарадзіўся знакаміты гісторык Мітрафан Доўнар-Запольскі (1867 – 1934).
Мілаград
Сёння Мілаград – звычайная вёска, але людзі жылі тут яшчэ ў старажытнасці, да нашай эры. Паселішча дало назву цэлай археалагічнай культуры бронзавага веку. Пісьменнік Уладзімір Ліпскі напісаў аповесць “Мілаградскі конік”.
Жлобін
У Жлобіне знаходзіцца найбуйнейшы ў Еўропе металургічны завод.
Рагачоў
З Рагачова ў 1944 годзе пачалася аперацыя “Баграціён”, у выніку якой уся тэрыторыя Беларусі была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Быхаў
Да нашых дзён захаваўся Быхаўскі замак, збудаваны ў ХVII стагоддзі гетманам Вялікага Княства Літоўскага Янам Каралем Хадкевічам. Сёлета ў Быхаве пройдзе Дзень беларускага пісьменства.
Магілёў
У Магілёве нарадзіўся Ота Юльевіч Шміт – славуты матэматык, астраном, геафізік, палярны даследчык. У яго гонар названы востраў у архіпелагу Паўночная Зямля ў Расіі.
Шклоў
Жыхары Шклова лічаць свой горад “сталіцай агуркоў” Беларусі. У 2007 годзе тут усталяваны помнік агурку.
Орша
У Оршы нарадзіўся выдатны беларускі пісьменнік Уладзімір Караткевіч, творы якога любяць і ў Расіі. Ён пісаў творы не толькі для дарослых, але і для дзяцей. Ці чыталі вы казкі Уладзіміра Караткевіча?
Смаленск
У 1910 годзе на хутары Загор’е, непадалёк ад Смаленска, нарадзіўся знакаміты расійскі паэт Аляксандр Твардоўскі, бацька якога меў радаводныя карані ў Беларусі. У Смаленску ўстаноўлены помнік паэту і герою самай вядомай паэмы — Васілю Цёркіну.
Дарагабуж
У Дарагабужы знаходзіцца найвялікшы глобус у Еўропе – вышыня яго 12 метраў, дыяметр – 10 з паловай метраў, а важыць ён больш за 11 тон.
Бачарова – невялічкая вёска, каля якой бярэ выток Дняпро.