Машына мова і дзедава размова
Ці-ці-ці, прыляці,
Зорку ў дзюбцы прынясі.
Ко-ко-ко, пасядзі,
Мне яечачка знясі.
Гаў-гаў-гаў, прыбяжы,
На злую муху пабрашы.
Мяў-мяў-мяў, не ляжы,
Мышка шкрабае ў дзяжы.
Му-му-му, не гуляй,
Малака мне кубак дай.
І-го-го, пакатай —
На лужок, у поле, гай.
Рох-рох-рох, пастарайся,
У лужы болей не купайся.
Ква-ква-ква, паднырні,
На мяне з вады зірні.
Кра-кра-кра, падплыві,
Сваё пёрка падары.
Бе-бе-бе, падмажы,
З воўны шапачку звяжы.
Ку-ку-ку, не маўчы,
Лічыць Машу навучы.
Га-га-га, парагачы,
Разам з намі паскачы.
Бі-бі-бі, ду-ду-ду,
Дай дарогу перайду.
Кар-кар-кар, не крычы,
Не палохай уначы.
Жу-жу-жу, не гудзі,
Як пасплю, тады будзі.
Ку-ка-рэ-ку, не праспі,
Мяне ў садзік разбудзі.
…………………………
Гадзіннік лічыць дні:
Цік-так! Цік-так!
Хай будзе так!
УЛАДЗІМІР ЛІПСКІ