Вясёлкавы мост “Беларусь—Расія”
Колькі геніяў падаравалі беларусы свету! Зірні на герояў блізкай ці далёкай краіны – беларусаў абавязкова знойдзеш. Возьмем, да прыкладу, Расію. Тут столькі знакамітых людзей, народжаных на зямлі Беларусі, што можна стварыць вялікую энцыклапедыю. А я, мой разумны дружа, толькі паспрабую зацікавіць цябе лёсамі, што лучаць Беларусь і Расію, лёсамі беларусаў, што значна паўплывалі на рускую культуру. Яшчэ ў тысяча гадоў назад пісьменнік Сімяон Полацкі, які, нарадзіўся ў Полацку, стаў у Маскве настаўнікам царскіх дзяцей. Яго выхаванцы – рускія цары Фёдар Аляксеевіч і Пётр І. Менавіта наш Сімяон Полацкі арганізаваў друкарню ў Крамлі. Па яго ініцыятыве заснавалі першую ў Маскве вышэйшую агульнаадукацыйную навучальную ўстанову – Славяна-грэка-лацінскую акадэмію. Сімяон – адзін з заснавальнікаў рускай паэзіі, якой захапляліся цары. Упэўнена, ты ўжо ведаеш “Казку пра залатую рыбку” і “Казку пра цара Салтана” вялікага рускага пісьменніка Аляксандра Пушкіна. Дык вось, нядаўна высветлілася, што род Пушкіных бярэ свой пачатак ад Рыгора Пушкі, які нарадзіўся ў нашым Навагрудку. У гербе Пушкіных ёсць элементы беларускай сімволікі. Знакаміты рускі пісьменнік Фёдар Дастаеўскі – нашчадак палескай шляхты, яго род пачынаецца з вёскі Дастоева, на Брэстчыне.
З беларускіх родаў паходзілі пісьменнікі Аляксандр Грыбаедаў (з Грыбоўскіх) і Аляксандр Грын (сапраўднае прозвішча Грынеўскі).
Расійскі першадрукар Іван Фёдараў (Федаровіч) – з беларускага роду Рагозаў. Рускую балетную школу стварылі балерыны Азарэвічы са Шклова. Адзін з самых вядомых расійскіх мастакоў Казімір Малевіч нарадзіўся на Капыльшчыне. На Гомельшчыне народжаны першы консул Расіі ў Японіі, аўтар першага японска-рускага слоўніка Восіп Гашкевіч. А расійскі палярнік і пісьменнік Уладзімір Санін, неаднаразовы ўдзельнік экспедыцый у Арктыку, Антарктыку, па акіянах уздоўж экватара, родам з Бабруйска.
Расійскі фізік Жарэс Алфёраў, які ў 2000 годзе атрымаў Нобелеўскую прэмію, нарадзіўся ў Віцебску і скончыў мінскую школу №42.
А ў горадзе Глыбокае Віцебскай вобласці нарадзіўся авіяканструктар Павел Сухі. Ён – адзін са стваральнікаў расійскай рэактыўнай і звышгукавой авіяцыі. Ягоныя самалёты лятаюць там, дзе жыве і вясёлка, – галоўны нябёсны сябра найлепшага беларускага часопіса для дзяцей.
Аксана Спрынчан