Палешукі і палевікі
Беларуская народная казка
Было ў бацькі дванаццаць сыноў, усе рослыя ды ўдалыя хлопцы. Пажаніліся сыны, пайшлі ў іх свае дзеці. Усе слухалі старога бацьку, і кожны рабіў сваю работу. Але па некаторым часе памёр бацька, і пачаліся ў сям’і спрэчкі. Крычаць, хочуць дзяліцца. Ды справа гэта не такая лёгкая. Перасварыліся браты з-за зямлі і сталі адзін аднаму ворагамі. Толькі два малодшыя браты жылі між сабою ў вялікай згодзе. Не захацелі яны спрачацца з братамі за зямлю. Зрабілі з двух дубоў вялікія сані, пасадзілі жонак з дзецьмі ды паехалі ў свет далёкі. Працягнулі крыху валы дубовыя сані па пяску ды сталі як укопаныя. Калёс тыя браты не мелі і нічога пра іх не ведалі. Пачалі браты адпілоўваць круглыя калодкі ды падкладваць пад палазы. І зрабілі яны першыя ў тым краі калёсы. Лёгка пайшлі цяпер валы. Ломіць навальніца дрэвы, як саломінкі, ды шпурляе ў раку. Плывуць яны па вадзе. Налавілі браты дрэў, ачысцілі галлё, калоды звязалі адну з адной і зрабілі моцны плыт. А як сціхла навальніца, узвезлі свой воз на плыт. Так усе і пераправіліся праз шырокую і глыбокую раку. Паехалі яны далей і забраліся ў такую пушчу, што і канца ёй няма. Пачалі браты церабіць прасекі ў пушчы ды масціць грэблі. Большы брат змарыўся, аслаб.
— Застануся я тут, — кажа ён меншаму, — бо не хопіць у мяне сілы з гэтага лесу выйсці. І застаўся са сваёю сям’ёю жыць у лесе. З таго часу і яго самога, і ўвесь яго род пачалі зваць палешукамі. А малодшы брат не захацеў заставацца. Быў ён дужы, як тур. Адзін церабіў прасекі, масціў грэблі і ехаў далей. І да гэтых часоў засталіся яшчэ на Палессі тыя прасекі ды грэблі, што нарабіў малодшы брат. Але вось нарэшце пачалі трапляцца прагаліны ды палянкі з пяскамі. Асеў малодшы брат там, пачаў араць і сеяць збожжа. І з таго часу празвалі яго самога і ўвесь яго род палевікамі. А потым палешукі і палевікі занялі новыя лясы і палі ды сталі добрымі суседзямі. Так і цяпер жывуць.