Абраныя цыркам
«Вясёлка» апавядала вам пра шматлікія помнікі з усяго свету. А сёння раскажа пра помнік артысту цырка і кіно, усталяваны на Цвятным бульвары ў Маскве: нібы толькі што прыпыніўся старэнькі аўтамабіль, а геніяльны клоўн адчыніў дзверцы і заходзіць у машыну. Гэта бронзавы помнік – Юрыю Нікуліну. Яго аўтар – скульптар Аляксандр Рукавішнікаў – прадумаў кампазіцыю такім чынам, каб можна было не толькі сфатаграфавацца з вядомым акцёрам, а нават прысесці ў ягоны аўтамабіль.
Вялікі партрэт артыста цырка, клоўна, тэлевядучага, народнага артыста СССР вісіць у кабінеце першай жанчыны-дырэктара беларускага цырка. Юрый Нікулін, можна сказаць, хросны бацька народнай артысткі, генеральнага дырэктара і мастацкага кіраўніка Белдзяржцырка – Таццяны Бандарчук.
Таццяна Мікалаеўна вырасла не ў цыркавой сям’і, але сама стварыла адну з найбольш знакамітых цыркавых дынастый. З дзяцінства захаплялася спортам – займалася акрабатыкай, гімнастыкай, любіла коўзацца на каньках. Ды больш за ўсё ёй падабаліся танцы, таму і паступіла ў Беларускае харэаграфічнае вучылішча. Але атрымала сур’ёзную траўму, пачула як доктар казала маме, што яна ніколі не зможа танцаваць, і раіла забыцца пра кар’еру балерыны. Менавіта ў гэты момант Таццяна вырашыла стаць такім доктарам, які зможа вылечыць кожнае захворванне. Пасля школы паступіла ў медвучылішча, потым у сталічны медуніверсітэт, дзе танцавала ў самадзейным ансамблі «Лявоніха». Кіраўніца ансамбля, жонка тагачаснага дырэктара цырка і прывяла сваіх выхаванак на лёсавызначальную сустрэчу ў Мінскі цырк. Там Таццяна сустрэлася з вядомым акрабатам Генадзем Бандарчуком.
Неяк падчас гастроляў, стоячы паміж спектаклямі ў чарзе цыркавога буфета, Таццяна прапусціла Юрыя Уладзіміравіча Нікуліна перад сабой. Той пачаў распытваць, ці займалася раней спортам. Параіў абавязкова зрабіць з мужам- акрабатам сумесны нумар…
Таццяна Бандарчук служыць цырку шмат гадоў, з’яўляецца аўтарам і выканаўцай трука, які і сёння цяжка каму паўтарыць – «пуанты на далоні». Партнёр трымаў яе на выцягнутай руцэ, а яна, стоячы на далоні ў пуанце, круціла абручы. Нумар захапляльны і страшны. Яна прыдумала яго і выканала! Прыгожая паненка з неверагоднай энергетыкай, Таццяна Мікалаеўна прымушае цырк зіхацець усімі колерамі вясёлкі, і ў жыцці працуе без падстрахоўкі, разлічвае толькі на сябе і моц свайго характару.
Ёсць яшчэ адно супадзенне, якое аб’ядноўвае Нікуліна і Бандарчук. Юрый Уладзіміравіч доўгі час быў дырэктарам цырка ў Маскве. Пры ім для цырка пабудавалі новы будынак. А як мы ўжо ведаем, Беларускі дзяржаўны цырк быў адбудаваны намаганнямі Таццяны Мікалаеўны, і стаў адным з найлепшых у свеце.
У часопісе «Вясёлка» № 1 за 2013 год мы прапаноўвалі вам пералічыць максімальную колькасць прафесій людзей, што працуюць у цырку. Мы атрымалі шмат лістоў і вырашылі, што білеты ў цырк будуць уручаны Шынкевiчу Косцю, які вучыцца ў 2-м класе гiмназii №19 г. Мiнска, ён першым даслаў спіс 81 прафесіі. (Адказы на пытанне шукайце на нашым сайце www.veselka.by)
Адрыяна Аракелян, юная гімнастка з вокладкі, прапануе вам адказаць на пытанне: колькі гадоў таму Таццяна Мікалаеўна Бандарчук, народная артыстка Беларусі, акадэмік Нацыянальнай акадэміі цыркавога мастацтва Расіі, упершыню ўвайшла ў цырк і колькі гадоў ужо працуе дырэктарам? Вашы адказы дасылайце на адрас рэдакцыі ці на нашу электронную пошту vyaselka2011@yandex.ru, і, магчыма, менавіта вы атрымаеце білеты ў цырк!
Анастасія Радзікевіч