Пасябравалі
Вторник, 25.02.2014 21:14. Рубрика: Вершы
– Ты даўно не быў у дзеда, –
Кажа мама. – Едзь, адведай.
Ды глядзі: у дзеда Мішы
Не Мухтар – сабака іншы.
Ледзьве клямкай бразнуў хлопчык,
У сабакі – выгляд воўчы.
І тырчком угору вушкі,
І язык – чырвонай стужкай.
Выбег дзед на брэх сабачы:
То ж унук прыйшоў, няйначай?
Дзед правёў Арцёмку ў хату:
– Еш аладкі, пі гарбату.
– Дзякуй, дзед, я дома снедаў.
А каб Шарык мяне ведаў,
Можа быць, яму спачатку
Дам я дзве ці тры аладкі?
Аблізаўся Шарык смачна.
За аладкі вельмі ўдзячны,
Рукі хлопцу стаў лізаць.
Значыць –
Будуць сябраваць.
Мікола БУСЬКО