Анатоль ЗЭКАЎ. Вершы
БІМ
Адмарозіў вушы Бім,
Прастудзіўся Бім –
І злёг.
Дома з ім
Цяпер сядзім,
Не выходзім
За парог,
Бо калі хварэе Бім
Я хварэю
Разам з ім.
ПТУШЫНАЯ НЕБЫЛІЧКА
На дварэ снягі гурбяцца,
Рассцілаюць свой кілім.
Птушкі сцюжаў не баяцца –
Ім не холадна зусім.
Ранкам салавей спявае,
Чысціць дзюбу сіваграк,
Бусел жаб з ракі цягае,
У шпакоўні дрэмле шпак.
Падкажыце,
Ці бывае
Сапраўды зімою так?
КАЛЮЧЫ КАЛАБОК
Вожык – гэта калабок,
Што ў калючы свой клубок
Згортваецца хутка.
Аблізнуцца можа воўк,
А вось з’есці –
Дудкі.
СОН З ПРАЦЯГАМ
Каля Дзімкавай канапы
Ходзіць сон на мяккіх лапах.
Покуль Дзімка ноччу спіць,
Ён такога ў сне насніць,
Аж расплюшчваць вочы
Раніцай не хоча.
Бо расплюшчыць вочы ён –
І адразу знікне сон.
Эх бы добра,
Каб хаця
Быў у сна таго працяг!
ХТО ЧЫМ ЗАЙМАЎСЯ
Гартала
Буквар
Ларыса.
Рыгор
Глядзеў
Тэлевізар.
А капрызуля Валерка
Капрызнічаў
Над талеркай.
ВАСЬМЁРКА Ў КВАДРАЦЕ
Лічбу “8” у квадрат
Не ўзвядзе ніяк Ігнат.
Ён узвесці быў бы рад,
Ды не бачыць,
Дзе квадрат.
Можа, з вас хто
Дасць параду,
Як з квадратам
Быць Ігнату?
Ці адказу не чакаць,
А квадрат
Намаляваць
І васьмёрку акурат
Упісац
У той квадрат?
СЕМ ШАКАЛАДАК
Максімка сёння рад як:
У яго – сем шакаладак.
І цяпер не ведае Максім,
Як іх падзяліць пароўну ўсім.
Для бабулі і для дзеда,
Для сястры, матулі, таты
Дзеліць ён аж да абеду
Сем маленькіх шакаладак.
Як тут быць
І што рабіць,
Каб на пяць
Сем падзяліць?