Міхась ПАЗНЯКОЎ. Вершы
Махаон
Вельмі дзіўны матылёк!
Заўважаецца здалёк.
І які прыгожы ён!
А завецца – махаон.
Крылы доўгія яго
Ўзорам вызначаюцца.
У падлесках між лугоў
Летам сустракаецца.
О, які цудоўны госць!
Дзеці, паглядзіце.
І ніколі прыгажосць
Толькі не губіце.
Майскія жукі
Што за дзіўны чутны гук
Ля бяроз і клёнаў?
Гэта ўецца майскі жук
Між зялёных кронаў.
Над бярозай маладой
За малым пагоркам
Іх лятае цэлы рой
Майскім надвячоркам.
Шумна, радасна звіняць
Гудам несціханым,
А ўначы палягуць спаць
На лісці духмяным.
Чмялі
Між чырвонай канюшыны
Звонкі гуд плыве чмяліны:
Выспеў залаты нектар –
Лета сонечнага дар.
І турботна загулі
Працавітыя чмялі.
Шмат цяпер у іх работы,
Каб напоўніць мёдам соты.
Не патрэбна іх баяцца,
Бо яны заняты працай.
Ды не трэба іх чапаць,
Каб пасля не бедаваць.
Страказа
Каля рэчкі – страказа,
Крылы – быццам біруза.
Над вадой трымціць, лятае,
Хараством сваім здзіўляе.
Узаўецца ўвышыню
І агучыць цішыню,
Ці завісне верталётам
Над крутым вадаваротам.
Так і хочацца сказаць:
Пакатай нас, страказа.
А яшчэ ты раскажы,
Дзе зімою будзеш жыць?
Астраномам быць хачу
Зоркі ў небе я вучу,
Астраномам быць хачу:
Вывучаць каметы,
Адкрываць планеты,
І сузор’і назіраць,
З дзіўным небам сябраваць,
Каб заўсёды на Зямлі
Людзі радасна жылі.
Скорагаворкі
Коля брату шчыра рад,
Вельмі добры ў Колі брат.
***
Раніцай сястра Людміла
Пра вавёрку верш вучыла.
***
Бандэроль брат Браніслаў
Барысу з Браслава прыслаў.
***
Расцвілі ў бабулі Лёксы
Гладыёлусы і флёксы.