Чаму вярблюд азіраецца, калі п’е ваду
Паводле казахскай народнай казкі
Калісьці быў вярблюд рагаты,
І хвост яго пышнейшы быў.
Вярблюд глядзеўся зухавата,
Калі ваду з рачулкі піў.
І раптам зашуршэла штосьці,
Алень бязрогі падышоў:
– Збіраюся схадзіць у госці.
Ці не пазычыш мне рагоў?
– Бяры, калі ў гасціны клічуць,
Мне пазычаць не ўпершыню…
Тут конь прыбег, каб хвост пазычыць,
І хвост вярблюд аддаў каню.
Праходзіць дзень, другі праходзіць,
Вярблюд трывожыцца – бяда:
Ну як на вадапой выходзіць?
Няма рагоў, няма хваста.
Вярблюд паверыў іх сумленню,
Ды не прыносяць доўг яны
І ён сказаў тады аленю:
– Будзь добры, рогі мне вярні.
– Якая можа быць трывога?
Маёй не верыш дабраце.
Аддам, аддам табе я рогі,
Як хвост твой пышны адрасце.
І конь выкручваўся: “Ну што ты!
Не верыш сябру – крыўдна чуць.
Я хвост вярну табе з ахвотай,
Як твае рогі адрастуць”.
З тае пары мінулі годы,
Вярблюд стары ваду п’е днём
І азіраецца заўсёды,
Ці не ідуць алень з канём.
Юрась СВІРКА