Шкадаванне
Понедельник, 24.06.2013 09:55. Рубрика: Апавяданні
Стаю пасярод зялёнага лугу – ні дрэўца вакол, ні кусціка. Няма за што воку зачапіцца.
Здаецца, быў бы мастаком – абавязкова пайшоў бы далей, не затрымаўся, бо што тут маляваць? Ну, не траву ж, праўда?
Раптам чую: шух-шух! Бусел зусім нізка нада мной праляцеў і, выставіўшы свае цыбатыя ногі, непадалёку апусціўся на луг. Уважліва паглядзеў на мяне: маўляў, а ці не прыйшоў ты, браце, па маіх жабак ды конікаў? Паглядзеў – і за справу. Ногі ў траве перастаўляе, быццам па вадзе ідзе, толькі доўгая дзюба – уверх-уніз, уверх-уніз, як кап’ё, заўсёды напагатове.
І адразу змяніўся, пахарашэў луг дзякуючы гэтай велічнай, прыгожай птушцы. І як тут не пашкадаваць, што я не мастак?
Алесь БАДАК