І дзед, і не дзед
Сямігадовы Іванька ўжо даўно ўмее і чытаць, і пісаць. Нядаўна прыязджае да яго ў госці дзядуля – цёзка Іван. Унук вельмі рады і вырашае напісаць дзеду пасланне. На вялікім аркушы паперы піша: “Ха-ха. Дзед Іван. Люблю. Іван”.
Дзядуля, вядома, дзякуе, хваліць унука за пасланне, толькі пытаецца:
– Іванька, а чаму ты напісаў уверсе “ха-ха”?
– А я так смяюся.
– З чаго ж ты ці з каго смяешся?
– З цябе.
– А чаго смяешся? – заклапочана пытаецца дзядуля.
– Бо ты не дзед.
– Як не дзед? Ты ж сам напісаў, што я дзед і што любіш мяне.
– Ты мой дзед, і я цябе люблю, – на поўным сур’ёзе адказвае ўнук. – А так ты не дзед.
– Як не дзед? – разгублена пытаецца стары.
– А так. У цябе няма барады.У дзядуляў, як у Дзеда Мароза, барада заўсёды ёсць. А ў цябе няма, таму ты і дзед, і не дзед, – сур’ёзна адказаў унук і пабег гуляць.
Іван СТАДОЛЬНІК