Мая мама – чараўніца!
Лёг я ў ложак, ну, а ў зале тата з мамай размаўлялі аб сваіх дарослых справах. Мне ж такое нецікава. А яны ўсё вырашаюць, галасы ўсё павышаюць, то прысядуць, то паходзяць… не даюць заснуць ды й годзе, вельмі ж тонкая сцяна!
– З мухі робіш ты слана! – тата маму папракнуў.
Тут, нарэшце, я заснуў. Я заснуў, і вось мне сніцца, быццам мама – чараўніца! І такое вытварае – простых мух ператварае не ў ласёў і не ў дзікоў, а ў жырафаў ды сланоў! Мух я хутка налавіў, потым маму папрасіў, каб зрабіла мне сяброў: з цёплай Афрыкі звяроў! Згоду мама мне дала, муху першую ўзяла, пяць хвілін пачаравала – і жырафай муха стала. Ды навошта мне жырафа – для яе малая й шафа! І тады стварыла мама… для мяне гіпапатама, а дакладней – бегемота. Я зрабіў яму балота: на дыван наліў вады і завёў яго туды. Ну, а гэты бегемот паваліўся на жывот, пацягнуўся, пазяхнуў, павярнуўся і заснуў.
– Мама, мама! – я крычу. – Насарога я хачу! Ён вялікі, ён мяне пакатае на спіне!
Вось з’явіўся насарог, аб буфет пачухаў рог. Быў буфет – няма буфета, а за ім і табурэта! Паламаў, што толькі мог. Вось табе і насарог!
Села мама, уздыхнула, мне ціхенька падміргнула, штосьці зноў прагаварыла – атрымалася… гарыла! Потым мама пахадзіла і стварыла… кракадзіла! Стаў звярынец, не кватэра! Ды ва ўсім жа трэба мера! Столькі створана звяроў – толькі мне няма сяброў! А звяры ляжаць, вуркочуць, і, напэўна ж, есці хочуць! Насарог грызе камод, а канапу – бегемот. А жырафа па кватэры аб’ядае ўсе шпалеры! Я не ведаю, як быць, што рабіць, як іх спыніць! А гарыла што ўтварыла! З’ела дзённік мой гарыла! Потым стала кнігі драць і старонкі ў рот піхаць! Потым кнігамі гарыла кракадзіла пакарміла. Ну, а той разявіў зяпу ды гарылу – цап за лапу! А гарыла – скок на шафу, ну, а з шафы – на жырафу! З перапуду насарог усадзіў у шафу рог, а няўклюдны бегемот разваліў ушчэнт камод…
Мама кажа вінавата: “Будзе сёння нам ад таты!”
Потым штосьці пашаптала і адразу ж… мухай стала. Ну, а потым каля вуха загудзела тая муха, загудзела, пабудзіла і… не стала кракадзіла! Ні гарылы, ні жырафы… і стаіць цалюткай шафа! Сеў я ў ложку, пасядзеў і навокал паглядзеў. Усміхнуўся, пацягнуўся і з палёгкай уздыхнуў. Мая мама ў снах чаруе, а ўдзень са мной сябруе!
Генадзь АЎЛАСЕНКА
супер