Таццяна КІЯВІЦКАЯ. Вершы
Пятница, 11.10.2013 12:08. Рубрика: Вершы
На стале стаіць талерка,
А на ёй – адна цукерка.
Ці для мамы? Ці для таты?
Для сястрычкі ці для брата?
Для каго – не зразумеў,
А таму – узяў ды з’еў.
Пагаварылі…
Дзве дзяўчынкі на прыпынку
Гаманілі без супынку.
І так доўга гаманілі –
Тры трамваі прапусцілі.
Мастак
Брат мой вырашыў спытаць:
– Што ты любіш?
– Маляваць!
Каб у тое брат паверыў,
Паказаў яму шпалеры.
– Уляціць табе, няйначай!
– За канапай іх не ўбачаць.
У заапарку
Запыталіся ў Захаркі:
– Бачыў што ты ў заапарку?
І пачулі ад малога:
– Заапарк – і больш нічога.