Валянціна ГІРУЦЬ-РУСАКЕВІЧ. Вершы
Заяц
Баязлівец на ўвесь свет,
Адкажы, адкрый сакрэт,
Ты чаго пужаешся?
Ад каго хаваешся?
Заяц кажа мне ў адказ:
– Ты не зразумееш нас!
Ёсць у вожыка іголкі,
Ёсць у рысі кіпцюры,
Ну а воўк, хоць і не колкі, –
Не сябруюць з ім звяры!
У аленя і лася –
Рогі – абарона ўся,
Хітрасцю бярэ лісіца…
Ну а мне чым бараніцца?
Застаюцца толькі ногі.
Без разбору, без дарогі
Летам і ў разгар зімы
Уцякаем-скачам мы –
Мякенькія мячыкі –
Спрытненькія зайчыкі.
Бусел
Прыляцеў да нас здалёку
Гэткі важны бусел-клёка.
(Каля Ніла, у цёплым краі
Зімку ён перабывае.)
Тут з вятрамі ў згодзе-ладзе
На слупе гняздо прыладзіў –
Носіць жабак ён паціху,
Корміць любую бусліху –
У гняздзе сядзіць яна,
Бо выводзіць буслянят
А як вечар наступае,
Адпачыць і ён сядае.
І над вёскаю далёка
Чуецца бусліны клёкат.
Багоўка
На чырвоным сарафане
Чорненькія крапінкі,
Хоць маленькая такая,
Ды ад тлі аберагае
Кветкавыя лапінкі.
Хто ж гэта?
Багоўка –
Божая кароўка!