Ад “каменнай” кнігі да электроннай
Спакон вякоў людзі імкнуліся перадаць веды, жыццёвы досвед сваім нашчадкам. Але ўявіце сабе далёкія-далёкія часы, калі іншага спосабу перадачы ведаў, апроч як з вуснаў у вусны, не было. Веды пераходзілі ад настаўніка вучню з пакалення ў пакаленне. Ніхто тады яшчэ не ведаў, што такое кніга, і чалавечая памяць была адзіным сродкам для захавання і перадачы ўсяго, што дзеелася наўкол. Неабходныя веды завучваліся і перадаваліся мудрацамі.
З часам людзі вынайшлі “каменныя” кнігі – так называюць наскальны жывапіс першабытных людзей. Дарэчы, піктаграфіяй – малюнкавым пісьмом – мы карыстаемся да сённяшняга дня. Каб пераканацца ў гэтым, варта толькі згадаць выявы на розных дарожных знаках. Напрыклад – “Асцярожна, дзеці!”, які абавязкова вісіць над дарогаю каля кожнай школы.
Ішоў час, і людзі навучыліся перадаваць знакамі не толькі прадметы, але і гукі. Гэта стала велізарным крокам на шляху да з’яўлення кнігі.
Развіццю славянскай пісьменнасці спрыяла распрацоўка святымі Кірылам і Мяфодзіем алфавіта. У 9–11 стагоддзях кірыліца складалася з 43 літар, пазней 14 з іх зніклі, а 4 новыя з’явіліся.
Калі мы хочам нешта напісаць, мы бярэм аркуш паперы. Сёння нам нават цяжка ўявіць, што калісьці паперы не было зусім. Пісалі ж людзі на камянях, костках, метале, кераміцы і дрэве – адным словам, на ўсім, што траплялася пад руку.
У старажытных людзей шумераў кнігі вельмі нагадвалі цэглу, бо складаліся з гліняных таблічак-старонак. 32 на 32 сантыметры, таўшчыня 2,5 сантыметры – так выглядала такая кніжная старонка. Цяжкавата даводзілася кніганошам тых часоў!
У старажытным Егіпце вынайшлі цудоўны матэрыял для пісьма – папірус. Ён рабіўся з расліны, якая расла па берагах Ніла.
Пазней у Пергаменцкім царстве навучыліся вырабляць пергамент са скуры ягнят, цялят ці казлянят. На выраб толькі адной кнігі быў патрэбны цэлы статак жывёлы. Такі спосаб вырабу пергаментных кніг распаўсюдзіўся шмат у якія землі.
Паперу ж у звыклым для нас выглядзе вынайшаў кітаец Цай Лунь у 105 годзе нашай эры. Спосаб вытворчасці паперы трымаўся ў строгім сакрэце. І толькі ў 10 стагоддзі ў Еўропе з’явілася папера, звараная з размолатых ануч, кары дрэваў. Варылі паперу з саломы, крапівы, водарасцяў, чароту – пакуль не паспрабавалі аднойчы выкарыстоўваць для вырабу паперы дрэвы.
Старажытныя кнігі перапісваліся ўручную. Галоўнымі цэнтрамі перапісвання кнiг у Беларусі былі старажытныя гарады Полацк i Typaў.
Але вось у 15 стагоддзі немец Іаган Гутэнберг вынайшаў кнігадрукавальны станок. Ён стаў адліваць літары з металу – яны доўга служылі, і з іх набіралі словы. Першая кніга з механізаванага станка выйшла ў 1456 годзе.
Пазней палачанін Францыск Скарына заснаваў у Празе друкарню, у якой 6 жніўня 1517 года выдаў першую друкаваную беларускую кнігу – «Псалтыр».
Наш Францыск Скарына – першадрукар сярод усходніх славянаў.
21 стагоддзе падарыла чалавецтву навінку – электронную кнігу. Шмат спрэчак цяпер вядзецца пра лёс папяровай кнігі. Спецыялісты лічаць, што ў будучым папяровымі застануцца толькі кнігі-артаб’екты – гэта значыць, выкананыя як творы мастацтва.
Эколагі спадзяюцца: электронная кніга дапаможа ўратаваць дрэвы, якія ідуць на выраб кніг папяровых.
Даведка
У асноўным для вытворчасці паперы выбіраюць елку, хвою, бярозу, а таксама эўкаліпт, таполю і каштан.
Для вырабу 1 тоны паперы патрэбна прыкладна 17 дарослых дрэваў. З іх атрымліваецца каля 30000 звычайных вучнёўскіх сшыткаў.
Дрэванарыхтоўкі – у тым ліку і для вытворчасці паперы – спусташаюць зямлю, вядуць да знікнення лясоў. А кожны беражлівы крок, зроблены чалавекам, здольны ўратаваць дрэва.
Навучыся ашчадна абыходзіцца з паперай. Адпрацаваныя сшыткі, старыя газеты, часопісы здавай у макулатуру.
Алена Масла