Тэатр Васі Вясёлкіна
(П’еса для школьнага тэатра ў дзвюх сцэнках)
Дзейныя асобы:
Палёўка Прынцэса
Палёўка Фіфа
Палёўка Піскля
Крот Тоўстая Лапка
Сцэнка першая
Восеньскі палетак. Свіст ветру. Гола, пуста, самотна.
Але вось з’яўляюцца тры шустрыя мышкі-палёўкі. Разгублена пазіраюць наўкол.
П і с к л я. Пі-пі… (Хныча.) Гляньце, сястрыцы… І тут ані зернетка! (Разграбае сухую траву.) Людзі ўсё дачыста сабралі. Дажынкі адсвяткавалі, да зімы рыхтуюцца. А мы нават норку сваю знайсці не можам. Мы галодныя! (Плача.)
Ф і ф а. Супакойся, Піскля! Норку сваю знойдзем, а зярняткі як след пашукаць трэба. Хаця, дзе іх знойдзеш? (Азірае палетак.) У жніўні мы нічога не назапасілі! Ты, Піскля, камбайна баялася, з норкі носа не паказвала!
П і с к л я. Ага-а… баялася! (Усхліпвае.) Затое Прынцэска наша ўсё гуляла, гуляла… Бач, Прынцэсаю сябе ўявіла!
П р ы н ц э с а (усхвалявана). Нічога я не ўявіла, бо я і ёсць Прынцэса! Мяне мама так называла. У мяне футрачка на спінцы пераліваецца. Фу! Фі, якія вы не прывабныя! Шукайце зерне самі, а я і галоднай пабуду!
Прынцэса пачынае кружыцца. Спявае песеньку:
Я – Прынцэса-мышка,
пагуляю крышку.
Не хачу збіраць зярняткі,
У мяне свае заняткі!
Ля-ля-ля… Ля-ля-ля…
Ф і ф а і П і с к л я (разам). Вой, ай, якая хмара насунулася! Шукайма норку! Трэба хавацца! (Знікаюць).
П р ы н ц э с а (раптоўна спыняецца). Ай-яй! Які дождж секануў! Ды яшчэ і са снегам! Фіфачка, Піскля, дзе вы? Куды схаваліся? (Кідаецца з боку ў бок і заўважае норку.) Норка! Сухім лісцем прыкрытая! Грудок зямлі тут жа! Эгэ-э-гэй! У норцы ёсць хто-небудзь?
Т о ў с т а я Л а п к а (з норкі). Ёсць! Ёсць!
П р ы н ц э с а. Ты хто?
Т о ў с т а я Л а п к а. Я – крот. Тоўстаю Лапкай мяне завуць.
П р ы н ц э с а (дрыжыць ад холаду). А я – Прынцэса. Палёўка маленькая. Мяне сёстры пакінулі. Я замерзла. Дождж са снегам ідзе. (Пасля паўзы.) Тоўстая Лапка, дазволь мне трошкі пагрэцца! (Плача.)
Т о ў с т а я Л а п к а. Эхэ-хэ-э! Ды залазь ужо! Госцяю будзеш. Гм-м, Прынцэса!
Сцэнка другая
Адзін з пакояў падзямелля, дзе жыве Тоўстая Лапка. Каля сцен – мяхі.
П р ы н ц э с а (азіраецца). Вой-вой, Тоўстая Лапка, а што ў гэтых мяхах?
Т о ў с т а я Л а п к а. Зерне! Вунь там – проса, там – жыта… Для гасцей сабраў. А сам я ласуюся дажджавымі чарвякамі, лічынкамі.
П р ы н ц э с а. Дык, можа, пачастуеш зярняткамі? Ты сказаў, што я госцяю буду.
Т о ў с т а я Л а п к а. Канечне, пачастую! Але пачакай трошкі. Я ў суседні пакой схаджу. Там у мяне яшчэ дзве госці.
Тоўстая Лапка знікае. Прынцэса падбягае то да аднаго мяха, то да другога. Спявае сваю песеньку.
З’яўляецца Тоўстая Лапка. З ім – Фіфа і Піскля.
Ф і ф а. Фі-і… Ты сказаў, што ў цябе важная госця. А гэта ж наша Прынцэска!
П р ы н ц э с а. А вось і важная! Тоўстая Лапка ў госці мяне запрасіў і паласавацца дазволіў. Глядзіце, я зараз буду частавацца!
Падбягае да аднаго з мяхоў.
Т о ў с т а я Л а п к а. Дык вы знаёмы?
П р ы н ц э с а (ледзь прамаўляе, набіўшы рот зернем). Угу-у, яны мае сёстры. Не частуй іх, яны мяне пакінулі адну на палетку.
Ф і ф а і П і с к л я (разам). Няпраўда! Яна сама ад нас збегла!
Т о ў с т а я Л а п к а. Не сварыцеся! Вы ўсе мае госці, дык і частуйцеся… А я зараз агледжу свае ўладанні і, відаць, да вясны залягу.
Ф і ф а і П і с к л я (разам). А мы?
П р ы н ц э с а. Будзем частавацца, частавацца і частавацца…
Т о ў с т а я Ла п к а. А потым і вы да вясны паспіце. Не выганяць жа вас на халодны палетак! Дык, значыцца, да вясны, палёўкі!
Тоўстая Лапка знікае. Палёўкі хутка ўзбіраюцца на мяхі, махаюць лапкамі.
П р ы н ц э с а, Ф і ф а, П і с к л я (дружна). Да вясны, да вясны… Дзякуй табе, крот Тоўстая Лапка! Бачыш, мы ўжо і не сварымся!
Заслона
РАІСА БАРАВІКОВА