Урокі музыкі
На цымбалах грае дрозд.
Распушыў індык свой хвост,
Змоўклі куры і сарокі –
У дразда бяруць урокі.
Нават жвавыя стрыжы
Селі ў рад пад капяжы,
З будкі выглянуў Цывіль,
Выйшаў з хаты кот Васіль,
Павылазілі краты,
Жабы селі пад кусты.
Загадала ўсім драздзіха:
“Сядзьце ў круг, сядзіце ціха:
Дрозд іграе паланэз”.
Кот на яблыню залез,
Побач з яблыкам зялёным
Месца выбрала варона,
Каркаць стала на драздзіху:
“Гэты дрозд не мае слыху”.
Кот такое не сцярпеў:
“Чуў я твой учора спеў.
Толькі каркаць ты майстрыха,
Пасядзела б лепей ціха”.
Дрозд іграў ледзь не да ночы.
Кот Васіль заплюшчыў вочы –
І прысніўся сон: з драздом
Мыш лавіў ён пад мастом…
Ноч настала. Спіць і дрозд,
Пад лісток схаваўшы хвост.
Спі і ты, мая пястушка,
Зачакалася падушка,
Там, пад ёй, чароўны сон.
Чуеш? Казку шэпча ён…
Рэгіна Рэўтовіч