23. Дабрадзей для ўсіх дзяцей
Аповесць-казка
23. Юні-Юні падказвае, з кім нельга сябраваць
Аднойчы да Антоніка завітаў дзіўны дзівак. Быў ён нябачны, а гаварыў чалавечым голасам.
Як гэта здарылася?
Сядзеў Антонік каля расчыненага акна і маляваў горад, у якім жыве. Мама прасіла, каб ён адзеўся, а яму заўсёды няма калі. Ён як спаў у майцы і трусіках, так і сеў маляваць. Яго алоўкі “будавалі” высокія дамы, вежы, “устанаўлівалі” антэны, “садзілі” дрэвы, кусты, кветкі. Старанна вымалёўваў Антонік машыны. Ён ведаў іх – розныя маркі. Хацеў, каб яны ўсе ездзілі ў яго горадзе.
Толькі пачаў Антонік маляваць воблакі над дамамі, як чуе – шторы заварушыліся, паперы зашамацелі. Нехта ўляцеў у пакой праз акно, пачаў глуха кхэкаць:
– Кхэ!.. Кхэ!.. Кхэ!..
– Хто тут? – закрычаў Антонік.
– Я-я, Дурны Кашаль, – азваўся хрыплы голас.
– Чаму Дурны?
– Са мной ніхто не хоча сябраваць. Я жыву на вуліцы. Мне холадна…
– А што ўмееш рабіць?
– Смешна кашляць.
– Як?
Дзіўны госць пачаў паказваць сваё ўмельства:
– А-а-пчхі!.. Кхэ!.. Кха!.. Кхі!.. Ба-бух!.. Бух, бух!.. К-р-р-а-ах!..
Антонік спачатку смяяўся. Але хутка адчуў, што не можа гаварыць. Пачаў паўтараць гукі за Дурным Кашлем.
Прыбегла мама, ледзь не плача:
– Маё дзіцятка, што з табой?
– Я пасябраваў, кхэ-кха, з Кашлем.
– О Божа!.. Знайшоў сябра…
Мама махнула рукамі, як бы выганяла злыдня з пакоя, хуценька зачыніла акно. Антоніку аб’явіла:
– У сад не пойдзеш. Сядзі дома!..
Антонік хацеў закрычаць ад радасці “ўра!”, але ў горле нібыта нехта сядзеў і балюча выціскаў надакучлівыя гукі:
– Кхэ!.. Кхэ!.. Кха!.. Кха!..
Антоніку зрабілася холадна, як Дурному Кашлю на вуліцы. Расхацелася маляваць. Рукі сталі млявымі, галава цяжкай. Мама паклала яго ў ложак:
– Хлопчык мой залаценькі, захварэў…
– Не, мама, гэта Дурны Кашаль ускочыў у маё горла, кхэ-кхэ…
– От мы яго зараз будзем выганяць!..
Чаго толькі не рабіла мама!
На шыю Антоніку клала кампрэс, абвязвала шарсцяной хусткай. Горла змазвала аптэкарскай маззю. Альяс закапвала ў нос. Націрала ногі нейкай пякучай вадой. Давала піць горкія таблеткі.
Цэлы тыдзень выганяла мама з Антоніка няпрошанага госця. Цяжка ёй было. Балюча Антоніку. Разам плакалі.
Урэшце Дурны Кашаль пакінуў Антоніка. Мама павяла сына ў дзетсад. Усю дарогу ён моцна трымаў яе за руку, шчабятаў:
– Мамачка, я болей ніколі-ніколі не буду сябраваць з Дурным Кашлем. І дзецям раскажу, які ён агідны і злосны.
Ад Юні-Юні заданні:
- Быць здаровым – гэта права ці абавязак?
- Чаму да Антоніка прычапіўся Дурны Кашаль?
Уладзімір ЛІПСКІ