Конікі і конік
Жылі-былі на лузе два конікі. У аднаго былі зялёныя, а ў другога шэрыя штонікі. Можаце таму не верыць, але іх так і звалі – Зялёны і Шэры. Усё лета жылі конікі бесклапотна. Гойсалі па лузе ды гарэзілі ў ахвоту. А яшчэ штодня змалку гулялі ў даганялкі. То Зялёны ўцякае, а Шэры яго даганяе, то месцамі мяняюцца – і Зялёны Шэрага дагнаць намагаецца. А што яшчэ рабіць, яны ж не касцы, каб траву касіць ды з граблямі ў лузе завіхацца. Гэта ж людзям трэба старацца, сена касіць ды сушыць-зграбаць, у копы складаць, а потым і звозіць у хлеў, пакуль дожджык намачыць не паспеў.
Вось лугавыя конікі і ў той дзень назіралі, як вяскоўцы талакой шчыравалі, сена на вілы бралі ды на воз кідалі. Конь жа моўчкі ў аглоблях стаяў, адно што хвастом матляў ды сляпнёў адганяў. А ўзбоч яго маленькі сынок-пестунок Конік гуляў. Праўда, гэта для мамы ён быў малым, а для двух конікаў у шэрых і зялёных штоніках здаваўся пры тым вялікім зусім.
Лугавыя конікі спачатку на яго зводдаль глядзелі, а потым раптам асмялелі, падцягнулі вышэй штонікі і прыскакалі да самай пысы вясковага Коніка. Заўважыў іх Конік, галавою крыху паматляў, а потым і голас падаў:
– Ну, што вам, Шэры і Зялёны, усё няма ўгамону? Доўга будзеце яшчэ ў лузе скакаць ды сцюжаў са снегам чакаць? Так вось і згінеце ад марозу.
– А што нам рабіць, скажы сур’ёзна?
– На воз хутчэй скакаць з усяго маху, каб затым перазімаваць пад цёплым дахам.
Задумаліся конікі, засунулі лапкі ў кішэні штонікаў, адзін на аднаго зірнулі, плечыкамі перасмыкнулі.
– Што вы, – Конік галавою патрос, – яшчэ не рашылі, скакаць ці не? Пакуль вось не крануўся воз, трэба спяшацца, каб у лузе зімаваць не застацца.
Шэры, як пра зіму пачуў, аж галаву ў плечы ўцягнуў ды ўсім целам затрымцеў. Але скакаць на воз не захацеў.
– Мне б у лузе яшчэ пагуляць, удосталь пакуляцца ды паскакаць. А што ў тым хляве да зімы сядзець ды ў чатырох сценах карпець?
– Што ж, – вясковы Конік скасіў на яго вочы, – блазнуй, калі так хочаш. Затое, заўваж, ой як мяне згадаеш, калі наўсцяж захаладае…
І на Зялёнага зірнуў:
– Ну? Няўжо і ты, як брат твой Шэры, мне таксама не верыш?
– Ды не, у шчырасці тваёй я не сумняваюся. Я ж не такі, як Шэры, і табе, Конік, веру.
– Дык, можа, на воз заскочыш, каб зімою ў цяпле жыць і ўдзень, і ўночы?
– А што тут думаць-гадаць ды халадоў чакаць, – сказаў як звязаў Зялёны, разагнаўся ды і скочыў на воз з разгону.
І праўду Конік вясковы казаў: зіму Зялёны без турбот перазімаваў. Хіба і быў адзін страх – не апынуцца разам з сенам у каровы на зубах. Аднак налаўчыўся так, што, як толькі гаспадар па сена для каровы з’яўляўся, Зялёны конік у самы кут хлява зашываўся і там на той час хаваўся.
Так і перазімаваў. А пацяплела – зноў на луг прыскакаў. Доўга там сябра шукаў. Можа б, ужо і не знайшоў, каб той голас аднекуль не падаў. Чаго толькі Шэры яму не распавёў! І як зіму зімаваў, і як пад снегам галадаў, і як ледзь ад холаду не сканаў.
– Не сагравалі і штонікі, – прызнаўся. – А ў тым і бяда ўся, што не паслухаўся вясковага Коніка…
Пэўна, вы скажаце, што я не чытаў энцыклапедыю і таму пра конікаў нічога не ведаю? Той жа, хто чытаў, можа мяне нават папракнуць: конікі, маўляў, так доўга не жывуць. Іх і восенню ўжо не чуваць – куды там зіму перазімаваць! Папракайце, калі ласка! Але ж казка на тое і казка. У ёй, як ні круці, нашмат менш, чым у жыцці, суму. Вось і я пра конікаў прыдумаў. Каб казка заканчвалася шчаслівай развязкай. Маю, як кажуць, на тое права. А іначай гэта была б не казка, а ява.
Анатоль ЗЭКАЎ