Цар-Мядзведзь
Гэтую быль майму бацьку яго бабуля апавядала, ён яе мне расказаў, а я з вамі пра яе гаворку павяду.
Шмат гадоў таму, зімою, панадзіўся мядзведзь на нашу вёску нападаць: то ўночы жывёлу свойскую задзярэ, то чалавека напужае… А велічэзны ён быў! Вось і вырашылі аднойчы вясковыя мужыкі разам на таго мядзведзя пайсці. Быў сярод іх і Марцін – бацька маёй прабабулі. Пабралі вяскоўцы паляўнічыя нажы, рагаціны, стрэльбы – хто што меў – і адправіліся ў лес.
Зайшлі ў самы гушчар. Паблукалі там, пашукалі звера – няма нідзе! Хацелі ўжо вяртацца ў вёску, аж раптам чуюць – трэск. Азірнуліся і бачаць: проста на іх ідзе сапраўдны Цар-Мядзведзь, у два росты чалавечыя, дрэвы на сваім шляху ломіць! Не паспелі людзі апамятацца, як звер з рыкам кінуўся на іх. Разбегліся хто куды. Толькі Марцін не спалохаўся – насустрач мядзведзю з нажом паляўнічым кінуўся. Доўга яны змагаліся, нарэшце Марцін перамог звера. Але і родзічу майму дасталося – нябога нават паварушыцца не мог.
А вяскоўцы, не дачакаўшыся зыходу бойкі, дадому паўцякалі. Пабачыла мая прабабуля, што яе бацька не вяртаецца, пачала распытваць у людзей, што з ім здарылася. Ёй і расказалі, што Марцін у лесе застаўся. Тады дзяўчынка апранулася як мага цяплей, узяла санкі ды ў лес пайшла. Адшукала паляну, дзе Марцін з мядзведзем біўся. Насілу выцягнула з-пад мёртвага звера бацьку і на санках дахаты прывезла. Доўга яго даглядала, і ўрэшце ён ачуняў.
Праз год давялося Марціну ісці ў суседнюю вёску. Шлях яго ляжаў праз невялікі мост каля вадапою. Раптам на мосце нібыта сцяна нябачная паўстала. Ударыўся Марцін аб гэтую нябачную перашкоду ды ўпаў, а з-пад моста голас пачуўся: “Марцін! Хоць ты мяне і перамог, але мы яшчэ сустрэнемся!”
З таго часу не мог болей Марцін той дарогай хадзіць – сцяна нябачная яго не пускала. А сярод вяскоўцаў узняўся перапуд: Марцін Цара-Мядзведзя забіў… І папраўдзе: мядзведзі і да гэтых часоў каля нашай вёскі больш не з’яўляюцца.
Валерыя САРОТНІК