Светлячок
Четверг, 7.11.2013 11:09. Рубрика: Вершы
Дзе вербы плакучай галінкі
Адбіў серабрысты паток,
На дробным лісточку расінку
Аднойчы сустрэў светлячок.
Ды толькі адну мо хвілінку
Знаёмства цягнулася іх,
Бо сонца забрала расінку
З прастораў і траў лугавых.
А ён без яе ўжо сумуе,
Шукае і ноччу, і днём
І вечна па свеце вандруе
З сваім залатым аганьком.
Максім Танк
Максім Танк (17.09.1912 – 7.08.1995) – народны паэт Беларусі. Сапраўднае імя – Яўген Іванавіч Скурко. Для дзяцей напісаў кнігі “Галінка і верабей”, “Кніжка пра мядзведзя”, “Ехаў казачнік Бай”, “Лемантар” і іншыя.