Гродзенскі замак
На паўночным захадзе Беларусі, на беразе Нёмана, ляжыць старажытны горад – Гродна. Гэтая назва – Гродна, або Гародня, паходзіць ад слова “гарадзіць”, гэта значыць узводзіць сцены ды вежы. Каля тысячы гадоў таму тут паўсталі першыя ўмацаванні. Сама прырода падаравала чалавеку магчымасць збудаваць у гэтым месцы замак. Трыццаціметровая Замкавая гара мае крутыя схілы. На яе і проста так ускараскацца нялёгка, а ўжо захопніку – у латах, зброі, ды яшчэ на штурм, – і зусім цяжка.
У Гродна з даўніх часоў сыходзіліся, скрыжоўваліся водныя і пешыя дарогі. Упершыню горад над Нёманам згадваецца ў летапісах пад 1127 годам. Той час стаў для Гародні перыядам першага росквіту. На Замкавай гары былі ўзведзены муры з камення і цэглы-плінфы, якія надзейна абаранялі горад ад нападнікаў. Мураванымі ў замку сталі таксама княскі палац і прыгожы храм.
Спакою на межах Беларусі не было ніколі, і ў наступным 13 стагоддзі Вялікаму Княству Літоўскаму даводзілася адбівацца ад манголаў. А з захаду Гродзеншчына стрымлівала бясконцыя напады заваёўнікаў-крыжакоў. У тыя часы далёка грымела імя гродзенскага князя Давыда – легендарнага, мужнага абаронцы горада.
Пасля пажару ў княскім палацы ў канцы 14 стагоддзя вялікі князь Вітаўт узвёў іншы замак, цалкам мураваны. Замак велічна ўзвышаўся на гары – з пяццю вежамі, двухпавярховым княскім палацам і магутнымі мурамі трохметровай таўшчыні. Ад горада яго аддзялялі глыбокія равы і крутыя схілы. Трапіць сюды можна было толькі па драўляным мосце. У той час, нягледзячы на ўсе спробы, крыжакі ўзяць замак не здолелі. А неўзабаве, у 1410 годзе, адбылася пераможная Грунвальдская бітва. Пасля яе пяцьсот гадоў нямецкія заваёўнікі на нашай зямлі не з’яўляліся. А Гродна амаль дзвесце пяцьдзясят гадоў зусім не ведаў войнаў.
У гродзенскім замку падчас свайго побыту ў горадзе спыняліся і жылі нашы вялікія князі і каралі. Адзін з іх – знакаміты Стэфан Баторый. Ён вельмі палюбіў Гродна і ў другой палове 16 стагоддзя зрабіў горад неафіцыйнай сталіцай нашай дзяржавы. Дойліды з Італіі перабудавалі Стары замак. На першым паверсе палаца знаходзіліся скарбніцы, канцылярыя, архіў, варта. На другім паверсе – найбагацейшыя залы, упрыгожаныя разьбою, каляровымі кафлямі, камінамі. Фасады вылучаліся мастацкімі роспісамі. У шыкоўным палацы кароль жыў і прымаў паслоў. Адсюль ён выпраўляўся на паляванні ў нёманскія пушчы, тут адпачываў пасля вайсковых выправаў. У замку, адным з найпрыгажэйшых у Рэчы Паспалітай, адбываліся соймы – галоўныя з’езды шляхты. Расквітнеў тады і сам Гродна. Побач са Старым замкам знаходзіўся яшчэ і Новы замак.
Але час нёс новыя выпрабаванні. У 17–18 стагоддзях замак, як і сам Гродна, быў разбураны маскоўскімі і шведскімі захопнікамі, а пасля і зусім заняпаў, страціўшы сваю прыгажосць. Толькі ў 1925 годзе ён стаў музеем, які і сёння можа адкрыць гасцям шмат цікавага са сваіх багатых калекцый. А побач, на падворку, у адмысловым павільёне знаходзяцца руіны Ніжняй царквы 12 стагоддзя, знойдзеныя археолагамі.
Сёння ў Беларусі адраджаецца многае, у тым ліку і замкі. Вось і ў Гродна, як абяцаюць, неўзабаве пачнецца аднаўленне. Старому замку плануюць вярнуць колішнюю раскошу і прыгажосць, адбудаваць яго ў тым выглядзе, якім ён быў у часы Стэфана Баторыя. І мы дачакаемся, калі ўрэшце ўсе будуць уражвацца грандыёзным каралеўскім замкам у Гродна – сведкам нашай даўняй гісторыі.
ПЫТАННІ
- Як называецца рака, што ўпадае ў Нёман каля Старога замка?
- З якой краіны паходзіў Стэфан Баторый?
- На якім беразе Нёмана знаходзіцца Стары замак?
Яраш Малішэўскі