Трыццаць сланоў ці адзін камп’ютар?
Паспрачаліся камп’ютар з мабільным тэлефонам, хто з іх у сучасных людзей больш часу забірае.
– Тут і думаць няма чаго, – кажа камп’ютар, – сучасныя людзі дзякуючы мне ў анлайн-гульні гуляюць, праз скайп размаўляюць, у сацыяльных сетках сядзяць, рознымі праграмамі карыстаюцца: і тэксты набіраюць, і ў фоташопе фотаздымкі апрацоўваюць, і карціны ствараюць… Ды што там казаць! Праз інтэрнэт і працуюць, і тавары ў крамах замаўляюць. Той-сёй з заўзятых камп’ютаршчыкаў можа ўжо і з дому не выходзіць…
– Ха, здзівіў! – азваўся мабільны тэлефон. – Ды ўсё гэта ўжо і я людзям даць магу. У інтэрнэт праз мяне выйсці – калі ласка! Эсэмэску адправіць, паразмаўляць – колькі заўгодна! Са мной і музыку можна слухаць, і фатаграфаваць, і відэаролікі здымаць… І невялічкі я, зручна мяне з сабой насіць – вось нездарма ж мабільным завуся!
– Затое праз цябе вялікія аб’ёмы інфармацыі не перадасі! – упарціўся камп’ютар, і спрэчка не заканчвалася яшчэ доўга.
А ў тым пакоі, дзе спрачаліся камп’ютар з мабільнікам, стаяла на паліцы вялікая кніга – энцыклапедыя. Яна захоўвала інфармацыю пра шматлікія рэчы і з’явы – ад літары А да літары Я, таму ведала багата. Была яна аддрукавана на паперы – як і тысячы тысяч кніг-папярэдніц. Гісторыя папяровых кніг пачынаецца ў глыбіні стагоддзяў, таму энцыклапедыя была, як і большасць яе суродзічаў, разважлівай і мудрай.
– Эх вы, моладзь! – сказала яна дакорліва. – Знайшлі, чым выхваляцца: хто больш часу забірае! Страшэнна памылковая пастаноўка пытання! З карысных прыстасаванняў адразу вас у нейкіх бандытаў ператварае. Так і хочацца нагадаць, што доўгае сядзенне за камп’ютарам і балбатня праз мабільны тэлефон здароўю людзей шкодзіць. Дзецям – асабліва. Вы лепш расказалі б, якая карысць ад вас!
А праўду кажа кніга! Камп’ютару і мабільнаму тэлефону ажно сорамна стала.
– Сапраўды, – кажа камп’ютар, – мяне задумалі як памочніка людзям. ЭВМ – электронна-вылічальныя машыны – былі створаны для здзяйснення і паскарэння вылічальных аперацый. Былі гэтыя машыны вялікія, займалі цэлыя пакоі. Першая ЭВМ важыла ажно 27 тон – гэта вага амаль трыццаці дарослых сланоў! Цяпер нават уявіць такое складана. ЭВМ – гэта мой найбліжэйшы продак. А калі капаць наш радавод глыбей, то трэба згадаць і лічыльныя палачкі, і фінікійскія гліняныя фігуркі, і абак – лічыльнікі інкаў… Лагарыфмічная лінейка, механічны арыфмометр – таксама мае блізкія сваякі.
– І я багатую радаслоўную маю! – захваляваўся мабільны тэлефон. – Найперш варта сказаць пра маю кітайскую радню: у Кітаі ў 968 годзе з’явіўся тэлефон для размоў па трубах. Існаваў і вяровачны тэлефон, а потым узнік і электрычны. Але ўсё гэта правадныя тэлефоны, а правобразам мабільнага стала рацыя. Мабільны тэлефон – пераноснае прыстасаванне для камунікацыі – з’явіўся прыблізна семдзесят гадоў таму. Калісьці, зусім нядаўна, быў рэдкасцю. А цяпер у кожнай сям’і па некалькі мабільных тэлефонаў…
– Добра, калі ўнукі не забываюцца патэлефанаваць бабулям і дзядулям, дзеці – бацькам, – уставіла сваё слова кніга. – І сустрэчы з сябрамі не праз інтэрнэт, а ў рэальным жыцці нашмат больш карысці і цікавасці прыносяць. Вы ўжо, сябры, знайдзіце магчымасць вашым гаспадарам-карыстальнікам пра гэта нагадаць.
Як зрабіць вяровачны тэлефон
(Інструкцыя-схема)
Нам спатрэбяцца два пустыя невялікія карабкі (напрыклад, з-пад сашчэпак, кнопак), драўляныя зубачысткі, ніткі. Праз інтэрвал у 10 – 15 см звязаць зубачысткі на працягу ўсяго “провада”. З абодвух канцоў “провада” робім “развілку” – мікрафон і слухаўку. Замацоўваем іх, пракруціўшы дзірачку ў карабку. Найпрасцейшы тэлефонны апарат гатовы! Праз яго можна перамаўляцца на недалёкай адлегласці – напрыклад, з пакоя ў пакой. Толькі трэба сачыць за тым, каб нітачкі не церліся аб перашкоды.
Алена МАСЛА