Хто важнейшы?
Пад прыгожай кучаравай бярозкай працякаў Ручаёк. Быў ён вясёлы, усмешлівы, заўсёды спяваў гаманлівую песеньку. Вада ў Ручайку блакітная, чыстая, празрыстая. Падарожнікі глядзеліся ў Ручаёк, як у люстэрка. Яны адпачывалі ў цяньку пад беластволай бярозкай і мыліся яго халаднаватай вадой.
Ганарыўся Ручаёк:
– Вось які я каштоўны! Усім патрэбна мая чыстая вада!
Пачула гэта Хмара і кажа:
– Каб не я, то і цябе не было б! Гэта я напоўніла цябе да берагоў вадою! Я даю ўсім ваду: морам, рэкам, ручаям, лужынам! А цябе, маленькага, сонца даўно высушыла б, і цябе не стала б. Гэта я ўсім патрэбна! Я самая важная!
Пачуў гэта Вецер і кажа Хмары:
– Калі б я сваёй сілай не падагнаў цябе да Ручая, то ты б сама з месца не кранулася! Я ўсюды паспяваю: прагнаць аблокі, прасушыць балоты, пакалыхаць дрэвы, каб яны хутчэй раслі. Падагнаць хмары, каб яны напаілі палеткі і лугі. Магу падбадзёрыць завею, намесці сумёты, каб дзеці маглі на санках павесяліцца. Бачыш, я самы патрэбны, а значыць, самы важны!
Толькі мудрае Сонейка моўчкі слухала гэтыя спрэчкі і ўсміхалася. Аб чым жа думала Сонейка?
Ганна СКАРЖЫНСКАЯ-САВІЦКАЯ