Напалеон з Беларусі
Напэўна, многія з чытачоў, убачыўшы гэту назву, запярэчаць: імператар Напалеон прыйшоў з Францыі, а на беларускай рацэ Бярэзіне пацярпеў паражэнне.
Але айчынная гісторыя памятае і іншага Напалеона, які нарадзіўся ў Беларусі, жыў у Парыжы, а потым зноў вярнуўся на радзіму. Таму давайце пра ўсё па парадку.
Напалеон Орда з’явіўся на свет 11 лютага 1807 года ў сям’і маршалка шляхты, інжынера Міхаіла Орды ў маёнтку Варацэвічы (цяпер вёска ў Іванаўскім раёне Брэсцкай вобласці). Першую адукацыю атрымаў дома ад бацькоў і ў Свіслацкай гімназіі. Пасля была вучоба на фізіка-матэматычным факультэце славутага Віленскага ўніверсітэта.
Як актыўны ўдзельнік паўстання 1830 – 1831 гадоў у Беларусі і Польшчы, Орда быў вымушаны з’ехаць за межы радзімы. А іначай яго чакалі б астрог ці катарга ў Сібіры. Таму амаль на чвэрць стагоддзя надзейным прытулкам яму стаў Парыж.
Тут малады чалавек выявіў асаблівыя здольнасці ў музыцы і жывапісе. Сваё музычнае майстэрства ўдасканальваў у самога Фрэдэрыка Шапэна, а мастацкае – у студыі вядомага майстра архітэктурнага пейзажа П’ера Жэрара. Яго меладычныя і віртуозныя паланэзы, вальсы, серэнады, мазуркі былі ўхвалены славутымі кампазітарамі Ф. Шапэнам, Ф. Лістам, С. Манюшкам. У сярэдзіне 1840-х гадоў Напалеон Орда быў дырэктарам Італьянскай оперы ў Парыжы.
Але яго заўсёды няспынна цягнула на радзіму. Калі ў 1856 годзе расійскім урадам была абвешчана амністыя былым паўстанцам, ён неадкладна вярнуўся ў родныя Варацэвічы. Потым жыў у Гародні і Пінску. Даваў урокі музыкі, пісаў для фартэпіяна. Шмат падарожнічаў: абышоў і аб’ездзіў усю Беларусь, адкрываючы для сябе яе прыгажосць і непаўторнасць. Усё ўбачанае – храмы, палацы, замкі, сядзібы, гарады, мястэчкі – натхнёна замалёўваў, каб захаваць для нашчадкаў.
Няўмольны час, на вялікі жаль, знішчыў многія гістарычныя і архітэктурныя помнікі Беларусі. І ўсё ж, да нашай вялікай радасці, яны захаваліся на цудоўных малюнках Напалеона Орды, якіх налічваецца каля дзвюх соцень. Дзякуючы таленавітаму мастаку мы сягоння маем рэальную магчымасць убачыць колішнюю нашу радзіму. Для чытачоў “Вясёлкі” сёлета друкаваліся малюнкі беларускіх замкаў, створаныя Напалеонам Ордам. У Мінску выдадзена кніга-альбом “Беларусь у малюнках Напалеона Орды”.
Імператар Напалеон пакінуў свой след у гісторыі агнём і мячом. Наш суайчыннік, мастак і кампазітар Напалеон Орда, зрабіў гэта сваім плённым мастацтвам.
Слоўнік
Амністыя – вызваленне ад пакарання.
Астрог – турма.
Інжынер-фартыфікатар – спецыяліст па ўмацаванні мясцовасці для вядзення баёў.
Катарга – цяжкая фізічная праца асуджаных за злачынства.
Уладзімір МАЗГО