Прыгоды папяровага карабліка
Неяк увесну хлопчык пускаў па ручаінках караблікі, складзеныя з белых аркушаў паперы. Ледзь набраўшы разгону, яны хутка прыбіваліся да берагоў і плыць далей не хацелі. Нічога дзіўнага: караблікі, зробленыя з чыстых аркушаў, усяго баяліся. І гамана адважных ручаінак пра салёнае мора ды бязмежны акіян страшэнна іх палохала.
Хлопчык дастаў з партфеля стары часопіс, які меўся занесці ў макулатуру, і вырваў з яго старонку. Караблік з яе атрымаўся куды мацнейшы за папярэднія, і ён паплыў больш упэўнена.
Дзіва што! Старонка ж была з часопіса пра падарожжы. Усе гады ад моманту выхаду ў свет ёй мроіліся дзівосы, пра якія часопіс расказваў. Але каб стаць караблём – не, пра такое старонка нават і не марыла… Дык ці ж можна марудзіць?
Вельмі карцела карабліку дасягнуць Атлантычнага акіяна. Там, як апавядаў часопіс, хаваецца Бермудскі трыкутнік, у якім знікаюць караблі з невядомых дагэтуль прычын. Карабліку хацелася калі не разгадаць загадку, дык хаця б адным вокам зірнуць на знакаміты трыкутнік!
І караблік паплыў: з ручаінкі – у невялікую рачулку. А яна, у сваю чаргу, вынесла яго да вялікай ракі. Тут узняўся вецер, пагнаў па вадзе хвалі, перакуліў караблік і шкуматаў яго да той пары, пакуль ён не разгарнуўся і зноў не стаў часопіснай старонкай.
– Напэўна, я ўжо ў Бермудскім трыкутніку! – падумала мокрая часопісная старонка.
О не, да Бермудскага трыкутніка было яшчэ далёка-далёка, але іншага тлумачэння, чаму знішчаны папяровы карабель, старонка не ведала.
Тут якраз праплывалі дзве маладыя, але вельмі вучоныя рыбіны. У іх нават акуляры былі на носе начэпленыя.
– Ну-ну, пра што гэтым разам піша занесеная ветрам прэса? – загаманілі яны і наблізіліся да часопіснай старонкі.
– “Гісторыя суднабудаўніцтва і мараплавання”, – прачытала загаловак на часопіснай старонцы адна.
– “Суднабудаўніцтва ўзнікла ў глыбокай старажытнасці, – пускаючы бурбалкі, пачала чытаць артыкул другая рыбіна. – Старажытныя Егіпет, Кітай, Фінікія мелі развітае суднабудаўніцтва. У Сярэднія вякі вадаплаўныя судны будаваліся ў Візантыі, у дзяржавах Міжземнамор’я і Паўночнай Еўропы…”
– “…А спачатку першабытныя людзі навучыліся звязваць плыты з асобных бярвенняў”, – падхапіла прыяцелька, і рыбы пачалі чытаць па чарзе.
– “Яны рабілі лодкі з папіруса, выдзёўбвалі чаўны з дрэва, будавалі абцягнутыя звярынымі шкурамі пірогі і кіякі…”
– “Пасля людзі вынайшлі ветразь, і ажно да 19 стагоддзя, калі з’явіўся параход, гісторыя мараплавання была гісторыяй ветразевых (парусных) суднаў…”
– “У 16–17 стагоддзях суднабудаўніцтва стала імкліва развівацца ў Партугаліі і Іспаніі, пазней – у Англіі і Нідэрландах, Францыі і іншых краінах, пры гэтым пяньку – матэрыял для ветразяў і аснасткі суднаў – пастаўлялі Вялікае Княства Літоўскае і Расія…”
– “У эпоху Антычнасці варагуючыя дзяржавы часта вялі баі на моры. Грозныя ваенныя караблі называліся галерамі…”
– “Вядомыя мараплаванню хуткія і манеўраныя джонкі і караблі вікінгаў. У 18 стагоддзі на вялікіх караблях купцы і падарожнікі выпраўляліся даследаваць новыя землі. Кліперы – вялізныя і вельмі хуткія ветразнікі – курсіравалі паміж Еўропай, Амерыкай, Азіяй і Аўстраліяй…”
– “На змену вялікім ветразнікам прыйшлі караблі з паравым рухавіком. Цяпер маракі больш не залежалі ад надвор’я. А каб перавозіць як мага больш пасажыраў, сталі будаваць шматпавярховыя караблі. Лайнер – гэта вялікі цеплаход, сапраўдны горад з крамамі, тэатральнымі заламі, рэстаранамі, басейнам. На вялікім лайнеры частка каманды займаецца пракладкай маршрута і вядзе карабель, частка сочыць за тым, каб механізм быў спраўны. А сцюарды абслугоўваюць пасажыраў…”
– “Загадка апошняга стагоддзя – з якой прычыны ў Атлантыцы, у Бермудскім трыкутніку, бясследна знікаюць тэхнічна дасканалыя караблі, пад завязку нашпігаваныя адмысловай навігацыйнай тэхнікай…”
Але, як бывае часта, тэкст скончыўся на самым цікавым месцы, а перагарнуць на другі бок старонку і пачытаць працяг рыбкі не здолелі, таму, крутануўшы хвастамі, паплылі далей.
А часопісная старонка засталася сабе гойдацца на хвалях. Яна пачула гаворку рыбак пра Бермуды і ўпэўнілася, што дасягнула сваёй мары.
Алена Масла