Уладзімір МАЦВЕЕНКА. Вершы
ЛЕ-БЕ-ДЗЯ-НЯ-ТЫ
Калісьці па лёдзе
Лябёдка ступала.
У лунку папала
І лапку зламала.
Там лекары лапку
Ледзь-ледзь
Падлячылі,
А потым Лябёдку
Лячылі ля Чылі.
Лябёдцы не люба
Ля Чылі лячыцца,
Любімы куточак
Пад Любанню
Сніцца.
Лябёдка бяссонную
Ноч прасядзела,
А ледзь развіднела –
У неба ўзляцела.
Вунь злева – затока
Блакітам ільсніцца.
І лес у яе,
Бы ў люстэрка,
Глядзіцца.
А справа –
Ледзь бачна,
Лагчына ляжыць,
І змейкай
Да мора
Рачулка бяжыць.
Колькі ляцела
Лябёдка дадому –
Тыдзень ці два –
Невядома нікому.
Стомлена села
На родныя хвалі,
І лашчылі хвалі яе,
І люлялі…
Мілы ёй лес,
І даліны, і рэкі,
І лекі не горш,
Чым з замежнай аптэкі…
А ўлетку ў Лябёдкі
З’явіліся дзеткі.
– Ну, выліты татка, –
Казалі суседкі. –
Надзея і гонар
Для мамы і таты –
Любімыя імі
ЛЕ-БЕ-ДЗЯ-НЯ-ТЫ.
І столькі іх вырасла
Да халадоў,
Колькі ты ў назве
Налічыш складоў.
Загадкі-задачкі
Дзе цячэ
Рака Тунгуска,
Пабывала
Маці-гуска
І прынесла
Ў падарунак
Нештачка…
– У мяне тут
Ягад трошкі,
Называюць іх
Марошкі.
Ледзь данесла
Пачастунак
Дзетачкам…
Дзве
Ягадкі – тату,
Дзве
Ягадкі – маці.
Адну ягадку –
Сыночку-гусяняці.
І тры дачушкі,
Гускі-весялушкі,
Панеслі ў дзюбцы
Па бубцы.
Частаваліся…
Тут загадка
Для дзяцей:
Колькі ўсіх
Было гусей?
І яшчэ
Падумаць трошкі:
Колькі
Ягадзін марошкі?
Здагадаліся?
(6 гусей, 8 ягад)
***
Ішлі
Паўз ляшчыннік
Віця з Алежкам,
Знайшлі
Пад ляшчынай
Дзевяць арэшкаў.
Віця смяецца:
– Паслухай, Алег,
Пазыч, калі ласка,
Адзін свой арэх.
Тады, калі не
Памыляюся я,
Будзе ў мяне іх
Больш удвая.
Дзеткі, падлік
Нескладаны зрабіце.
Колькі арэшкаў
Знайшоў там Алежка
І колькі арэшкаў – Віця?
(Алежка – 4, Віця – 5)
Жораў і жалуды
Жораў
Жалудоў насмажыў,
Жораў
Жаўрука заўважыў:
– Жаўручок,
Ляці сюды,
Пакаштуем жалуды…
Жменю жарых
Жалудоў
Я расклаў у пяць
Радоў.
Не на жарт
Прыпас жарон –
Жалуды патрушчыць ён.
Жораў
Жалуды калоў,
Жораў
Жалуды малоў –
Жалудоў усім
Хапала,
Жабкам нават
Перапала.