Жыві, Фіялачка
Раніца. Сонца падымаецца над лясамі і палямі. Птушкі спяваюць, прачынаюцца людзі. Прачнуўся і Васілёк, паснедаў і ў дзіцячы садок спяшаецца. Спыніўся каля прыгожай клумбы. Яго вітаюць белыя, чырвоныя, жоўтыя кветкі. Паміж імі пабачыў фіялачку.
– Якая прыгажуня!
Пачула фіялка, што яе хваляць, заззяла яшчэ ярчэй, усміхнулася хлопчыку. Раптам упаў на яе цень ад хлопчыкавай рукі.
– Хто захінуў ад мяне сонейка? – захвалявалася яна.
– Гэта я, Васілёк. Хачу сарваць цябе. Ты падабаешся мне.
– Сарваць?! Я ўсім падабаюся, а ты загубіць мяне хочаш? Хіба не ведаеш, што я жывая? Адарвеш мяне ад карэньчыкаў, палёсткі мае завянуць і асыплюцца. Я загіну без пары.
– Дык я цябе берагчы буду, любавацца табой.
– Налюбуешся і кінеш. А я жыць хачу. Жыць!
– Я не збіраюся цябе загубіць, не хачу, каб ты памірала.
– Тады не чапай мяне. Прыходзь штодзень і любуйся – і заўтра, і паслязаўтра.
А тым часам каля клумбы прабягалі дзяўчаткі, спыніліся і закрычалі:
– Фіялачка зацвіла. Якая прыгажуня! Добры дзень, Фіялачка!
Васілёк адышоў ад клумбы. Сонечныя промні зноў упалі на Фіялачку, і яна заззяла яшчэ ярчэй.
– Жыві, Фіялачка, радуй сваёй красой!
На клумбе ўсміхаліся хлопчыку чырвоныя, белыя, жоўтыя кветкі. Сярод іх усміхалася і ліловая Фіялачка.
Васіль ГУРСКІ